Анджэй Дуда другі раз за тыдзень заявіў аб гатовасці размясціць у Польшчы ядравую зброю


Прэзідэнт Польшчы другі раз за тыдзень заявіў пра гатовасць размясціць у сваёй краіне ядравую зброю. 22 красавіка Анджэй Дуда сказаў гэта польскаму выданню «Fakt», а 27 красавіка – паўтарыў у інтэрв’ю канадскаму тэлеканалу «CTV News». Палітык настойвае на сваім, нягледзячы на запэўніванні кіраўніка NATO, што планаў пашыраць «ядравую геаграфію» у альянсу няма.

Прэзідэнт Анджэй Дуда. Варшава, Польшча. 25 красавіка 2024 года.
Фота: Zbyszek Kaczmarek / Forum

Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда даў інтэрв’ю канадскаму каналу «CTV News» падчас візіту ў гэтую краіну. Кіраўнік суседняй дзяржавы паўтарыў тэзу пра гатовасць да размяшчэння ядравай зброі, хоць і адзначыў, што згоды саюзнікаў на гэта няма.

Дуда ўпэўнены, што такая зброя ў Польшчы «умацуе бяспеку Еўропы» і не будзе правакаваць Маскву: «Наадварот, гэта Расея правакуе Захад, гэта Расея гадамі мілітарызуе і Крулевецкі рэгіён (Калінінградскую вобласць – заўвага “Белсату”), і Беларусь».

Польскі лідар падкрэсліў, што ягоная прапанова аб ядравай зброі – толькі адказ на наступальную палітыку Масквы, «жорсткасць якой сёння можна ўбачыць ва Украіне».

Гаворка ідзецца пра праграму NATO «Nuclear Sharing», якая прадугледжвае размяшчэнне атамных боепрыпасаў у тых краінах-чальцах альянсу, што не маюць уласнай ядравай зброі. Цяпер у гэтай праграме ўдзельнічаюць Бельгія, Нямеччына, Італія, Нідэрланды і Турэччына.

Каментар
Якая ядравая зброя ёсць у Лукашэнкі? Эксперт тлумачыць: ніякай і быць не можа
2024.04.26 13:37

У інтэрв’ю польскаму выданню «Fakt» 22 красавіка Дуда таксама казаў, што ядравая зброя ў Польшчы была б адказам на перасоўванне расейскай ядравай зброі ў Беларусь і мілітарызацыю Калінінградскай вобласці.

З польскім калегам згодны літоўскі лідар Гітанас Наўседа. 26 красавіка ён заявіў, што такі крок стаўся б «сапраўды значным фактарам стрымлівання і сілы».

Кіраўнік ураду Польшчы Дональд Туск пры гэтым выказаўся больш асцярожна:

«Я хацеў бы, каб такія ініцыятывы былі вельмі добра падрыхтаваныя і каб мы ўсе былі ўпэўненыя, што мы хочам гэтага. Гэтая ідэя вельмі маштабная, вельмі сур’ёзная, і я мушу ведаць усе акалічнасці, якія схілілі прэзідэнта зрабіць гэтую заяву».

На тыдні сталася вядомым, што сустрэча Дуды з Тускам, на якой яны абмяркуюць прапанову прэзідэнта, адбудзецца 1 траўня.

У Расеі папярэдзілі, што ядравая зброя ў выпадку з’яўлення ў Польшчы стане цэллю ў вайсковым планаванні.

Hавiны
Гітанас Наўседа пра ядравую зброю ў Польшчы: Яна была б элементам стрымлівання
2024.04.26 15:55

Анджэй Дуда цяпер паўтарыў заяву пра гатовасць размясціць у Польшчы ядравую зброю, нягледзячы на запэўніванні генеральнага сакратара NATO Енса Стольтэнбэрга, што такіх планаў няма:

«Няма аніякіх планаў у пашырэнні праграмы “Nuclear Sharing”, няма планаў размяшчаць ядравую зброю ў якіх-кольвек дадатковых краінах NATO».

Ці ўмацуе бяспеку ў рэгіёне ядравая зброя ў Польшчы – пытанне адкрытае. Палітычны аглядальнік інфармацыйнага агенцтва «Позірк» Аляксандр Класкоўскі раней у каментары «Белсату» адзначаў, што «гонка ўзбраенняў – заўжды кепская рэч, падвышае небяспеку вайны».

Хаця Халодная вайна не стала гарачай менавіта праз узаемнае валоданне ядравай зброяй процілеглымі бакамі – гэта быў стрымліваючы чыннік.

«Ядравая зброя ў Польшчы можа трохі збіць імперскі імпэт з той жа Масквы, дый Лукашэнка, які цяпер казырае, што стаў кіраўніком ядравай дзяржавы, можа, трошкі прыкусіць язык, таму што будзе разумець, што ў палякаў ёсць чым адказаць і тут ужо надта, так бы мовіць, кідаць панты не выпадае», – казаў Класкоўскі.

Пры гэтым палітолаг Рыгор Ніжнікаў упэўнены, што ядравая зброя на тэрыторыі Польшчы бяспекі краіне не дадасць:

«Польшча стане яшчэ адной цэллю для ядравай зброі Масквы як тэрыторыя, адкуль можа пайсці ўдар у адказ. Таму я не бачу, што Польшча будзе абаронена лепш, чым цяпер».

Аналітыка
«Лукашэнка трошкі прыкусіць язык». Навошта Польшчы ядравая зброя?
2024.04.22 18:28

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў