Украінскія маніторынгавыя каналы заўважылі расейскія ракеты ў беларускім небе


Падчас расейскіх абстрэлаў Украіны ў ноч на 27 красавіка тры ракеты праляцелі праз паветраную прастору Беларусі, сцвярджаюць маніторынгавыя каналы «Український Єнот» і monitor. Ці беларуская СПА не заўважыла гэтыя цэлі, ці наўмысна іх не чапала, невядома.

Траекторыя палёту крылатых і балістычных ракетаў, што атакавалі Украіну ў ноч на 27 красавіка.
Крыніца: textyorgua / Telegram

Мапу з траекторыямі палёту крылатых і балістычных ракетаў, што атакавалі Украіну ў ноч на 27 красавіка, склала выданне «Texty.org.ua». З гэтых звестак вынікае, што тры снарады з Расеі праляцелі транзітам праз паветраную прастору Беларусі – над Гомельскай вобласцю.

Якія дакладна гэта былі ракеты, невядома. На мапе яны пазначаныя як «балістыка, «Кінжалы» і хуткасныя цэлі». Таксама невядома, ці заўважыла гэтыя ракеты беларуская супрацьпаветраная абарона і чаму, калі заўважыла, не збіла іх.

Маніторынгавы канал «Український Єнот» сцвярджае, што заход снарадаў у беларускае неба «зрабіў немагчымым іх своечасовае выяўленне сродкамі СПА і знішчэнне» ва Украіне.

«Лукашэнка, жадаем табе згніць у канаве за тваю маўклівую згоду ў тэроры ўкраінцаў», – напісалі аўтары каналу.

Траекторыя палёту ракетаў над тэрыторыяй Беларусі ў ноч на 27 красавіка 2024 года.
Крыніца: «Флагшток»

Ракеты, што праляцелі над Гомельшчынай, атакавалі аб’екты на захадзе Украіны.

Выданне «Флагшток» удакладняе, што звесткі пра траекторыю палёту ракетаў былі атрыманыя ад сістэмаў украінскай СПА, і адзначае, што няма інфармацыі пра працу беларускай супрацьпаветранай абароны ў Гомельскім, Ельскім і Мазырскім раёнах.

У кастрычніку летась расейскае войска таксама задзейнічала беларускую паветраную прастору падчас удару па Украіне. Тады гэта быў беспілотнік. Паводле неафіцыйных звестак, СПА спрабавала збіць цэль – гукі выбухаў чулі ў Мазыры, а таксама ў Нараўлянскім і Ельскім раёнах, аднак дрон працягнуў палёт і апынуўся ва Украіне.

Аналітыка
Танцаваць ад Стамбулу. Навошта Пуцін кажа пра мірныя перамовы і ў чым роля Лукашэнкі
2024.04.12 18:02

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў