СК: у Салігорску маладая маці забіла свайго нованароджанага сына


Следчы камітэт Беларусі распавёў пра трагедыю ў Салігорску, што адбылася ў лістападзе 2023 года.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Крыніца: orda.kz

Паводле СК, у лістападзе 2023 года ў Салігорску ў хуткую дапамогу паступіў званок пра няшчасны выпадак: дзіця, якое з’явілася на свет усяго 11 дзён таму, упала з спавівальнага століка і амаль не падавала прыкметаў жыцця. Медыкі, якія прыбылі на выклік, паставілі дыягназ: пералом зводу чэрапа, удар галаўнога мозгу. Хлопчык памёр у рэанімацыі праз некалькі гадзінаў.

Маладая 19-гадовая маці растлумачыла, што хацела памяняць падгузак і пакінула нованароджанага на некалькі хвілінаў без нагляду на спавівальным століку, а вярнуўшыся, знайшла яго на падлозе. У гэты момант у доме яна была адна і пра здарэнне адразу ж паведаміла родным ды патэлефанавала ў хуткую. Аднак следчыя засумняваліся ў версіі маці, бо спавівальны столік меў вялікі борцік і дзіця не магло самастойна з яго выбрацца.

Як сцвярджаюць у СК, пазней маладая мама прызналася, што засталася ў кватэры адна, калі дзіця стала капрызіць. Супакоіць яго ўсё ніяк не атрымлівалася, і жанчына са злосці кінула яго на падлогу. А мужу маці расказала пра выпадковае падзенні дзіцяці.

«Жанчына была неадкладна затрыманая. Праз некалькі дзён яна адмовілася ад сваіх прызнанняў, спаслаўшыся на пасляродавую дэпрэсію», – адзначаюць у СК.

Аднак у Следчым камітэце настойваюць, што маладая мама мела ўстойлівы намер пазбавіцца ад малога любым спосабам і ўсведамляла фактычны характар ​​сваіх дзеянняў. Як сцвярджаецца ў прэс-рэлізе, следчыя прааналізавалі інтэрнэт-запыты ў тэлефоне маладой маці і выявілі, што дзяўчына праглядала старонкі са звесткамі наконт перадачы дзіцяці ў прытулак, смерці дзяцей у выніку падзення або пад коўдрай, абмеркавання аналагічных трагедыяў на форумах і іншы кантэнт гэтай тэматыкі. Следства сцвярджае, што маладая маці, якая сама мела медычную адукацыю, не спяшалася аказваць дапамогу дзіцяці, а званок на лінію 103 быў здзейснены праз не менш чым 10 хвілінаў пасля здарэння.

У СК заявілі, што версія падзення дзіцяці са століка выключаная, бо экспертыза вызначыла: траўмы, атрыманыя дзіцём, характэрныя для падзення з вышыні больш чым 1,5 метра (значна вышэйшай за канструкцыю), «або з той, што паказвала маці падчас следчых дзеянняў, але з ужываннем фізічнай сілы для кідка аб падлогу».

У выніку следчыя кваліфікавалі дзеянні 19-гадовай жыхаркі Салігорску як забойства заведама малалетняй асобы, якая мае бездапаможны стан (п. 2 ч. 2 арт. 139 КК Рэспублікі Беларусь). Паводле гэтага артыкулу ёй пагражае пакаранне аж да пажыццёвага зняволення.

Меркаванні
На чыіх руках кроў дзяцей?
2024.03.21 11:31

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў