У NATO папярэдзілі, што Украіну не запросяць у Альянс на ліпеньскім саміце


Генеральны сакратар NATO Енс Стольтэнбэрг падчас візіту ў Кіеў заявіў, што не чакае, каб чальцы Альянсу да ліпеньскага саміту ў Вашынгтоне дасягнулі кансэнсусу наконт запрашэння Украіны. Пра гэта паведамляе «Українська правда».

Генеральны сакратар NATO Енс Столтэнберг побач з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім падчас іх сумеснай прэс-канферэнцыі ў Кіеве, Украіна. 29 красавіка 2024 года.
Фота: Roman Pilipey / AFP / East News

Генеральны сакратар NATO Енс Стольтэнбэрг распавёў, што абмяркоўваў з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім рыхтаванне да саміту ў Вашынгтоне і чакае, што ўкраінскі лідар будзе асабіста там прысутнічаць.

Стольтэнбэрг падкрэсліў, што месца Украіны – у NATO, і аднойчы яна стане чальцом арганізацыі. Аднак не варта разлічваць, што Украіна атрымае запрашэнне ў Альянс у Вашынгтоне.

«Саюзнікі сапраўды вераць, што заслужанае месца Украіны – у NATO. Каб гэтак пастанавіць, нам трэба згода ўсіх саюзнікаў, нам патрэбны кансэнсус, а не большасць, то бок трэба згода ўсіх 32 чальцоў. І я не чакаю, што мы атрымаем такую ​​згоду да саміту ў ліпені.

Але я лічу, што мы зможам прадэманстраваць, як набліжаем Украіну яшчэ бліжэй да сяброўства і хочам як мага хутчэй дасягнуць таго дня, калі Украіна далучыцца да нас як паўнапраўны чалец», – заявіў Стольтэнбэрг.

Паводле ягоных словаў, прадаўжаецца праца для забеспячэння ўзаемасумяшчальнасці Украіны і NATO, адпаведнасці стандартам Альянсу, каб аднойчы, калі «будуць выкананыя палітычныя ўмовы, Украіна магла стаць чальцом неадкладна».

Уладзімір Зяленскі паведаміў, што яны са Стольтэнбэргам у Кіеве абмяркоўвалі, сярод іншага, ідэю стварэння спецыяльнага фонду NATO для падтрымання Украіны аб’ёмам 100 млрд еўраў тэрмінам на пяць гадоў.

Аналітыка
Карацей, але не хутчэй. Што азначаюць віленскія пастановы NATO наконт Украіны
2023.07.12 17:31

Нагадаем, на саміце ў Вільні ў ліпені 2023 года пастанова NATO наконт уваходу Украіны ў арганізацыю атрымалася кампраміснаю: замест афіцыйнага запрашэння Кіеву, на якое разлічвала адміністрацыя Зяленскага, Украіне быў паабяцаны скарочаны шлях да Альянсу ў будучыні.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў