Падчас паездкі ў Касцюковіцкі раён Магілёўскай вобласці Аляксандр Лукашэнка заявіў, што на ўсходзе Беларусі варта пабудаваць яшчэ адну АЭС.
Аляксандр Лукашэнка заявіў, што беларускае грамадства нібыта перахварэла на «постчарнобыльскі сіндром» і сёння ёсць разуменне, што будаўніцтва БелАЭС у Астраўцы было правільным рашэннем, нягледзячы на ўсю крытыку з боку Польшчы і Літвы.
«Што да Захаду – мярзотнікі поўныя. І нашыя “беглыя” – сволачы і мярзотнікі», – заявіў Лукашэнка.
Ён прызнаўся, што цяпер ім паступова авалодвае думка наконт будаўніцтва яшчэ адной станцыі: «Другая пляцоўка (раней як альтэрнатыва Астравецкай, дзе пабудаваная БелАЭС, была вызначаная Чырвонапалянская пляцоўка) месціцца на ўсход ад Магілёва. Я сёння думаю: калі будзем будаваць другую АЭС, мы дзе гэтыя рэактары размесцім?»
Лукашэнка растлумачыў, што размясціць яшчэ два рэактары ў Астраўцы было б танней, але ён не выключае, што новае будаўніцтва, калі будзе прынятае такое рашэнне, варта разгарнуць на ўсходзе краіны:
«Я ўсё ж схіляюся да таго, што ў нас на захадзе ёсць станцыя. Павінна яна быць і на ўсходзе».
Ён падкрэсліў, што рашэнне яшчэ не прынятае і для будаўніцтва трэба будзе ўзяць крэдыт.
«Таму яшчэ шмат пытанняў з гэтай справай. Але я хацеў бы, калі я не паспею пры сваім палітычным жыцці гэта зрабіць, хаця б пачаць. А потым вы ўсё роўна пабудуеце, куды дзявацца», – заявіў ён.
Глеб Нержын belsat.eu