Аляксандр Азараў падаў у адстаўку з пасады каардынатара плану «Перамога» і партызанскага руху ў Беларусі. Ён фактычна заставаўся ў Аб’яднаным пераходным кабінеце пасля звальнення з пасады прадстаўніка ў справе аднаўлення законнасці і правапарадку летась. Азараў будзе вылучацца ў Каардынацыйную раду. Ён растлумачыў «Белсату» навошта.
Кіраўнік «BYPOL» Аляксандр Азараў канчаткова сышоў з Аб’яднанага пераходнага кабінету. З леташняга жніўня ён займаў там пасаду каардынатара плану «Перамога» і партызанскага руху ў Беларусі. Разам з дзвюма публічнымі асобамі «BYPOL» ён будзе вылучацца ў Каардынацыйную раду.
«Каардынацыйная рада вельмі важная для Беларусі. Цяпер будуць праведзеныя выбары, там будуць асобы, якіх выберуць наўпроставым галасаваннем, і яны будуць мець легітымнасць, будуць рэпрэзентаваць сваіх выбарнікаў. Нам гэта вельмі важна, бо наперадзе 2025 год. Каб не знішчыўся ўвесь беларускі супраціў, каб не страціў легітымнасць, нам трэба зладзіць выбары ў раду», – растлумачыў Аляксандр Азараў «Белсату».
У Каардынацыйнай радзе ён плануе займацца ўсё тым жа: законнасцю і правапарадкам.
«Наша справа – закон і правапарадак. Таму мы будзем працаваць у гэтым кірунку. Я збіраю людзей, былых супрацоўнікаў, мы ўжо вядзем перамовы. Застаецца і план “Перамога”», – адзначыў Азараў.
Абноўлена. Паводле ўласных крыніцаў «Белсату», Аляксандр Азараў павінен быў рабіць справаздачу па плане «Перамога» сёння падчас планавага паседжання АПКБ. Яго заява аб самаадстаўцы з пазіцыі каардынатара плана «Перамога» з’явілася непасрэдна перад пачаткам паседжання.
У жніўні летась Аляксандра Азарава звольнілі з пасады прадстаўніка Аб’яднанага пераходнага кабінету ў справе аднаўлення законнасці і правапарадку. Гэта адбылося пасля слуханняў у Каардынацыйнай радзе. Кіраўнік «BYPOL» запэўніў, што не крыўдуе і канфліктаў у радзе чыніць не будзе:
«Якая помста? Ствараецца новы орган. Нашая справа – далей працаваць на карысць Беларусі, а не займацца разборкамі».
У Кабінеце сыходу Азарава яшчэ не каментавалі.
Выбары ў Каардынацыйную раду прызначаныя на 25 траўня.
Сцяпан Кубік belsat.eu