Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі 22 чэрвеня выступіў з тэрміновым зваротам, у якім заявіў пра рыхтаванне Расеяй тэракту на Запарожскай АЭС, што з вясны 2022 года застаецца пад кантролем расейскіх войскаў. Пры гэтым ён не стаў агучваць сцэнара магчымых дзеяў Расеі.
«Толькі што быў даклад нашай выведкі і Службы бяспекі Украіны. Два пункты. Расейскі тэракт на Кахоўскай гідраэлектрастанцыі, які адбыўся. І яшчэ адзін тэракт, які, на жаль, рыхтуецца расейскімі акупантамі – на Запарожскай атамнай станцыі», – заявіў ён.
Паводле Уладзіміра Зяленскага, выведка сцвярджае, што Расея разглядае сцэнар тэрарыстычнага акту на ЗАЭС з выкідам радыяцыі.
«Яны ўсё падрыхтавалі для гэтага. На жаль, ужо неаднаразова мне даводзілася нагадваць, што радыяцыя не ведае дзяржаўных межаў. І тое, па кім яна ўдарыць, вызначаецца толькі кірункам ветру», – сказаў ён.
Зяленскі паведаміў, што перадае ўсю наяўную інфармацыю ўсім краінам у свеце і міжнародным арганізацыям.
«Ніякіх тэрактаў на атамных станцыях ніколі і нідзе не мусіць быць», – заявіў ён.
Прэзідэнт Украіны падкрэсліў, што «гэтым разам не мусіць быць як з Кахоўкай: свет папярэджаны, таму свет можа і мусіць дзеяць».
Якуб Хруст belsat.eu