Папуляцыя дзікіх сабакаў, якія жывуць паблізу чарнобыльскай зоны адчужэння, пачынае даваць навукоўцам уяўленне аб тым, як працяглае ўздзеянне радыяцыі ўплывае на пакаленні. Бадзяжных сабакаў, на жаль, там вельмі шмат.
Сабакі, якія ўсё яшчэ жывуць вакол зоны адчужэння, верагодна, ёсць нашчадкамі хатніх гадаванцаў, пакінутых жыхарамі мясцінаў вакол Чарнобыльскай АЭС. Людзі ў спеху выязджалі з рэгіёну, кідаючы ўсю сваю маёмасць, у тым ліку сваіх чатырохногіх сяброў. У першыя дні пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС брыгады рэагавання шукалі кінутых гаспадарамі сабакаў ды забівалі іх, каб спыніць распаўсюд радыеактыўнасці. Тым не менш, некаторыя выжылі, а ўжо іх нашчадкі ўсё гэтак жа жывуць каля АЭС. Іх падкормлівалі ліквідатары Чарнобылю і турысты.
Даследаванне, апублікаванае 3 сакавіка ў часопісе «Science Advances», – першы крок у буйным праекце, мэта якога – даведацца, як жывёліны прыстасаваліся да выжывання ў адным з самых радыеактыўных месцаў на Зямлі. Праца можа даць глыбокае разуменне выжывання і жыцця ў гэтым складаным асяроддзі.
Нават падчас вайны даследнікі і валанцёры змаглі адправіцца ў Чарнобыль, каб вылечыць 125 бадзяжных сабакаў і атрымаць больш пробаў.
Колькасць відаў дзікай жывёлы ў зоне адчужэння значна скарацілася пасля аварыі. І хоць некаторыя віды аднавіліся, шмат якія зніклі.
Колькасць сабакаў у рэгіёне расце. Яны паходзяць ад хатніх сабакаў, якіх гаспадары кінулі пры пераедзе: гэта нямецкія ды ўсходнія аўчаркі, лабрадоры, баксёры і ёркшырскія тэр’еры.
Цягам трох гадоў навукоўцы збіралі пробы крыві прыкладна ў 300 сабакаў, якія жывуць на электрастанцыі і ў закінутым горадзе Чарнобыль. Навукоўцы выявілі, што бяздомныя сабакі дзеляцца на 15 асобных семʼяў. Самая вялікая сямейная група складаецца з 162 асобінаў. Каб узяць пробы крыві, добраахвотнікі ўсыплялі жывёлінаў дроцікамі з транквілізатарам.
Пасля пачатку вайны ўсё менш турыстаў прыязджае і пакідае рэшткі ежы, і чарнобыльскія сабакі выжываюць з цяжкасцю. Таму каманда навукоўцаў працуе з няўрадавай арганізацыяй, каб забяспечыць жывёлінаў ежаю, гарантуючы выжыванне чарнобыльскіх сабакаў.
Пры першым генетычным аналізе гэтых жывёлінаў навукоўцы выявілі, што сабакі, якія жывуць у прамысловай зоне электрастанцыі, генетычна адрозніваюцца ад сабакаў, якія жывуць далей ад АЭС.
Можна меркаваць, што радыяцыя неяк звязаная з гэтым. Але доказаў гэтаму пакуль няма. Сабакі могуць быць генетычна рознымі проста таму, што жывуць у адносна ізаляваным месцы.
Радыеактыўнае заражэнне знішчыла папуляцыі дзікай жывёлы ў рэгіёне, але сабакі выжылі і працягнулі размнажацца. Тым не менш, у іх часцей сустракаецца катаракта, бо на тканках вачэй першымі праяўляюцца прыкметы хранічнага ўздзеяння выпраменьвання.
Добраахвотнікі пачалі лячыць і стэрылізаваць сабакаў прыкладна ў той жа час, калі пачалося будаўніцтва новага бяспечнага саркафагу для ядравага рэактару. І былі асцярогі, што сабакі, якія жывуць у гэтых мясцінах, могуць быць праблемаю для працаўнікоў.
Фонд «Чыстая будучыня» лечыць, стэрылізуе ды корміць сабакаў у Чарнобылі і працягвае клапаціцца пра іх падчас вайны. Ён прывозіць 800 кг ежы на тыдзень, а таксама працягвае праграму стэрылізацыі.
Апроч гэтага, фонд выдаў кнігу «Сабакі Чарнобылю» і з прыбыткаў ад продажу кнігі закупляе якасныя амерыканскія жгуты CAT для ўкраінскіх вайскоўцаў.
Валанцёры фонду «Сабакі Чарнобылю» знаходзяць новы дом для некаторых шчанюкоў за межамі зоны адчужэння. Да прыкладу, шчанюк на фота і яго браты засталіся без маці ва ўзросце чатырох тыдняў. Разумеючы, у якой жахлівай сітуацыі яны апынуліся, умяшаўся фонд «Чыстая будучыня», які запытаў у зоны і электрастанцыі адмысловы аднаразовы дазвол, а затым паспрыяў атрыманню неабходных дазволаў для працэсу дэзактывацыі, каб перавезці гэтых шчанюкоў у новы дом.
Аліса Ганчар belsat.eu