Пінскай Ніне Багінскай патрэбная дапамога


Спадарыню Алену ведае ўвесь Пінск. Тут яе называюць мясцовай Нінай Багінскай. Бескампрамісная і шчырая, яна прайшла праз некалькі судоў, атрымала штраф за гучную «карагодную справу», але ўсё яшчэ не баіцца казаць праўду.

Спадарыня Алена можа паказаць тое, як за дзясяткі гадоў змянілася жыццё маленькай вёскі. І рэальнасць далёкая ад таго, у чым спрабуе пераканаць беларусаў тэлевізар: гэтыя змены не пайшлі на карысць вясковым жыхарам.

«Быў добры магазін на пераездзе. Была лазня. Клубу і школы ўжо не было. Было тры будынкі добрыя кароўніка… Дык вось, на маіх вачах гэта ўсё было разбурана», – кажа гераіня.

За сваю пазіцыю спадарыня Алена правяла ў зняволенні агулам 32 дні, перажыла 11 затрыманняў, атрымала 120 базавых велічынь штрафу. Але заўсёды годна трымалася на судзе, і не раз спрабавала пераканаць суддзяў у тым, дзе праўда.

«Усе суддзі хаваюць позірк свой уніз, калі з імі размаўляю», – успамінае спадарыня Алена.

На выплату штрафу ў спадарыні Алены ідзе палова ейнай невялікай пенсіі. А грошай, што застаюцца, хапае на больш чым сціплае жыццё. Пры гэтым спадарыня Алена ўмудраецца яшчэ і дапамагаць іншым. Менавіта для таго, каб даваць прытулак тым, хто апынуўся на вуліцы, яна калісьці набыла другі вясковы дом.

«Я грамадскі чалавек, займалася дабрачыннасцю, разлічвала такім чынам, што ў адным доме я буду жыць, а другі будзе гасцявой хаткаю, каб сябры маглі спыніцца. Ці людзі, якія маюць патрэбу», – дзеліцца гераіня.

Цяпер абодва дамы патрабуюць рамонту, на які ў пенсіянеркі папросту няма грошай. І чалавек, які прывык даваць прытулак іншым, магчыма, да зімы будзе вымушаны сам шукаць прытулку – калі не знойдуцца людзі, гатовыя ёй дапамагчы з рамонтам.

Алена марыць крыху прывесці ў парадак хатку і печ.

Калі вы хочаце падтрымаць нашу гераіню (гэта можна зрабіць як публічна, так і ананімна) з любога пункту свету – лістуйце нам: belarus2belarus@gmail.com

І памятайце: беларус беларусу – любоў, падтрымка і перамога.