«У мяне ёсць талісманчык – фота сына». Грамадзянін краіны Еўразвязу служыць з беларусамі


Ода – пехацінец у палку Каліноўскага, грамадзянін краіны Еўразвязу. Апавёў, як змяніўся светапогляд пасля двух гадоў на вайне і чаму хоча пражыць жыццё менавіта ва Украіне.

Ода нарадзіўся ва Украіне, але пазней зʼехаў з сямʼёй у Еўропу. Грамадзянін Еўразвязу, ён вярнуўся ва Украіну ў 2021 годзе. Працаваў настаўнікам фізкультуры ў школе.

З пачаткам ваеннага ўварвання Расеі Ода ўступіў у батальён імя Кастуся Каліноўскага. Ён зрабіўся своеасаблівым пасярэднікам, які дапамагае паразумецца добраахвотнікам з розных краінаў.

Ода выканаў не адну баявую задачу, ён упэўнены, што шанцаванне вызначае ўсё: бываюць сітуацыі, «калі ногі-рукі на месцы, і жыццё, то бок пашанцавала, ты застаўся жывы, а не пашанцавала – чалавек за метр ад цябе, і яго ўжо няма».

Амаль у кожнага ваяра ёсць талісман, для Оды гэта здымак сына, па якім ён моцна сумуе.

«Мой тата ў мае гады загінуў… І я разумею, што сын – прыярытэт. Каб сын рос і бацька быў побач. Тое, што не вельмі цяміў да вайны. А калі ты нешта губляеш, ты асэнсоўваеш», – дзеліцца Ода.

Акрамя сямʼі, ваярам вельмі не стае эмацыйнай, маральнай разрадкі, таму шмат вайскоўцаў, у тым ліку Ода, працуюць з псіхолагам. І наадварот, фронт навучыў нашага героя не звяртаць увагі на дробязі і радавацца простым рэчам. Бо побытавыя праблемы – нішто ў параўнанні з жахамі вайны.

Ода верыць у перамогу Украіны і добрыя дачыненні паміж беларусамі і ўкраінцамі.

«Добрым украінцам і добрым беларусам я зычу міру, дружбы паміж народамі, бо і мы, і беларусы – у адным чоўне. Мы салідарныя з імі, яны салідарныя з намі, што вельмі радуе. І хачу, каб гэта ўсё скончылася, каб людзі атрымалі свабоду і ідэнтычнасць сваёй нацыі, якіх яны хочуць, якія ім належаць», – звяртаецца да беларусаў Ода.

Які талісман нашага героя ахоўвае жыццё ягонага сябра? Як выглядае «рамантыка вайны» вачыма звычайнага пехацінца на перадавой? Што ратуе і дае палёгку нашаму герою падчас вайны? Пра гэта ды іншае даведаецеся з новага выдання «Ваяроў», у якім традыцыйна пабачыце эксклюзіўныя фота і відэа з асабістага архіву героя.

Праграму «Ваяры» глядзіце кожную нядзелю на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва – «Sirius4»), онлайн, у закладцы «Праграмы» на нашай старонцы або на канале YouTube.

Калаж з фота: Полк Каліноўскага, Генеральний штаб ЗСУ / General Staff of the Armed Forces of Ukraine / Facebook