Былога менеджара «Беларусбанка» Максіма Халецкага арыштавалі на 12 содняў


Былога намесніка дырэктара фінансава-эканамічнага дэпартаменту «Беларусбанку» Максіма Халецкага ўжо трэці раз караюць адміністратыўным арыштам.

Як паведамляюць праваабаронцы, 5 жніўня каля 18:00 да 37-гадовага Максіма Халецкага на вуліцы падышлі міліцыянты і запрасілі на прафілактычную гутарку. Згодна з пратаколам, Максім адмовіўся прайсці ва ўпраўленне, чым аказаў непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі.

Сваю віну Халецкі адмаўляе. На судзе Максім распавёў, што ў яго не было матыву для непадпарадкавання, а міліцыянт, які выступіў у якасці сведкі, хлусіць. Суддзя Вікторыя Шабуня прызнала Максіма Халецкага вінаватым па арт. 24.3 КаАП і пакарала яго 12 соднямі адміністратыўнага арышту.

Ілюстрацыйны здымак. Студзень 2021 года.
Фота: АК / Беласт

Халецкі раней двойчы прыцягваўся да адміністратыўнай адказнасці нібыта за ўдзел у несанкцыяваных масавых мерапрыемствах. Зімой на яго склалі пратакол за рольшторы «палітычных колераў» у ягонай кватэры, ён адбыў 10 содняў арышту. У сакавіку ён атрымаў 25 содняў арышту ў выніку затрымання падчас аблавы ў мікрараёне Лебядзіны, дзе ён жыве.

У красавіку 2021 года, пасля адбыцця адміністратыўнага арышту, Халецкі быў звольнены з «Беларусбанку». Пасля гэтага ён спрабаваў аспрэчыць сваё звальненне ў судзе, але безвынікова.

«Белсат» раней падрабязна распавядаў гісторыю Максіма Халецкага і палітычна матываваных кадравых чыстак у «Беларусбанку».

Hавiны
Прафілактычныя размовы, спіс нядобранадзейных і звальненні. Як у «Беларусбанку» праходзяць палітычныя чысткі
2021.05.14 11:02

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў