Расейцы занялі сёлы пад Аўдзееўкай. Што адбываецца ва Украіне?


«Белсат» падводзіць вынікі 794-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 27 красавіка чытайце ў нашым аглядзе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Генеральний штаб ЗСУ / Facebook 

Купянскі і ліманскі кірункі (усходняя частка Харкаўскай вобласці, захад Луганскай і поўнач Данецкай)

У Генеральным штабе Збройных сілаў Украіны паведамілі пра адбіццё 10 атак праціўніка ў ваколіцах населеных пунктаў Кіслоўка і Бераставое ў Харкаўскай вобласці, а таксама каля Стэльмахаўкі ў Луганскай.

Між тым аналітыкі праекту Deepstate гавораць, што ранкам 26 красавіка войскі РФ прарвалі абарону ўкраінцаў у сяле Кіслоўка і ўжо пад канец содняў замацаваліся ў населеным пункце. Адзначаецца, што расейцы адмыслова ажыццявілі наступ на ўчастку фронту, дзе размяшчаліся вайскоўцы Тэрытарыяльнай абароны, якія абмежаваныя ў сілах і сродках.

На думку аналітыкаў, без перакідання цяжкай тэхнікі пад Кіслоўку, сітуацыя на гэтым участку можа істотна пагоршыцца.

На суседнім ліманскім кірунку, паводле Генштабу ЗСУ, расейцы прынамсі 14 разоў атакавалі каля Дружалюбаўкі на Харкаўшчыне, Грэкаўкі і на тэрыторыі Серабранскага лясніцтва ў Луганскай вобласці, а таксама каля Цернаў і з поўдня ад Зарэчнага ў Данецкай – паўсюль без прасоўванняў па фронце.

Бахмуцкі кірунак (лінія фронту на поўначы Данецкай вобласці, а таксама ў Луганскай з поўдня ад ракі Северскі Данец)

На бахмуцкім кірунку ініцыятыва таксама застаецца за Узброенымі сіламі РФ, якія наступаюць у ваколіцах населеных пунктаў Белагораўка, Выемка, Спірнае, Часаў Яр, Іванаўскае і Клішчыеўка.

Прарасейскі тэлеграм-канал «Два майора» піша, што найцяжэйшыя баі ідуць у ваколіцах гораду Часаў Яр – на ўсходніх ускрайках і з поўначы недалёка ад раней захопленага сяла Багданаўка. Адзначаецца, што на гэтым участку фронту расейцы наносяць масіраваныя ўдары авіяцыяй і артылерыяй, у сваю чаргу ЗСУ маюць перавагу ў FPV-дронах.

Аналітыкі Deepstate фіксуюць прасоўванні войскаў РФ у сяле Іванаўскае (на паўднёвым усходзе ад Часавага Яру).

Праўкраінскі «Говорять Снайпер» паведамляе, што УС РФ намагаюцца прабіцца за канал Северскі Данец – Данбас, але пакуль не маюць поспеху.

Пры гэтым агулам, паводле крыніцы, сітуацыя на кірунку складаная, аднак застаецца пад поўным кантролем сілаў абароны Украіны.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Генеральний штаб ЗСУ / Facebook

Аўдзееўскі і навапаўлаўскі кірункі (на поўначы, захадзе і паўднёвым захадзе ад Данецку)

На аўдзееўскім кірунку застаецца крытычнай сітуацыя для сілаў абароны на паўночным фланзе.

У Deepstate гавораць, што цягам апошніх содняў расейцы занялі сёлы Салаўёва і Сямёнаўка, а таксама прасунуліся ў Новакалінавым.

Прарасейскі тэлеграм-канал «Рыбарь» піша, што адначасова з поспехамі ў сёлах Салаўёва і Сямёнаўка, УС РФ прасунуліся і ў Бэрдычах, дзе баі перайшлі на заходнія ўскрайкі населенага пункту. Імаверна, неўзабаве ЗСУ будуць вымушаныя адысці з гэтага сяла, каб выраўняць лінію фронту і пазбегнуць атачэння.

Акрамя гэтага крыніца ўдакладняе сітуацыю ў сяле Новакалінавае: тут штурмавыя групы войскаў РФ прарвалі абарону ўкраінцаў у цэнтры населенага пункту ў кірунку суседняга Кераміку, а таксама перарэзалі трасу О0504, якая ідзе да яго з усходу.

Тым часам праўкраінскі тэлеграм-канал «Офіцер» сцвярджае, што войскі РФ ужо ўзялі пад поўны кантроль Керамік і Новакалінавае.

Аналагічнай думкі прытрымліваецца і прарасейскі тэлеграм-канал «НгП раZVедка».

На навапаўлаўскім кірунку працягваюцца баі ў цэнтральнай частцы гораду Краснагораўка за мясцовы цагельны завод. Расейскі ваенкор Сямён Пегаў гаворыць, што ЗСУ контратакуюць, імкнучыся адкінуць праціўніка.

Канал «Два майора» піша, што далей на поўдзень па лініі сутыкнення Узброеныя сілы РФ прасунуліся з боку сяла Новаміхайлаўка ў суседнюю Парасковіеўку і замацаваліся ва ўсходняй частцы населенага пункту.

Бярдзянскі, арэхаўскі і херсонскі кірункі (захад Данецкай, а таксама Запарожская і Херсонская вобласці)

На бярдзянскім кірунку працягваюцца баі на так званым урэмеўскім выступе на ўчастку паміж сёламі Ураджайнае і Старамаёрскае (на мяжы Данецкай і Запарожскай вобласцяў).

Расейскія вайскоўцы ў тэлеграм-канале «Воин DV» заяўляюць аб сваіх прасоўваннях каля абодвух населеных пунктаў на адлегласць 400 і 100 метраў адпаведна.

У цэнтральнай частцы Запарожскай вобласці, дзе баявыя дзеянні лакалізуюцца з поўдня ад гораду Арэхаў, сітуацыя застаецца нязменнай – крыніцы фіксуюць цяжкія баі ў сяле Работына, а таксама на паўночным захадзе ад Вэрбовага.

У Херсонскай вобласці расейцы атакуюць на левым беразе Дняпра, дзе ЗСУ ўтрымліваюць некалькі невялікіх плацдармаў (каля Антонаўскага моста і ў сяле Крынкі), але лінія сутыкнення застаецца нязменнай.

Тэлеграм-канал «Говорять Снайпер» піша, што ўдалай абароне ЗСУ спрыяюць дзейнасць артылерыі з больш высокага правабярэжжа і вялікая колькасць ударных БпЛА, пры дапамозе якіх знішчаецца цяжкая тэхніка праціўніка на ўчастку ад Кахоўкі да Голай Прыстані.

На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Наталля Кулыгіна belsat.eu 

 

Стужка навінаў