Сяброўка загінулага ў Кіеве Віталя Шышова: «Я дасюль не магу забраць ягонага цела»


21-гадовая Бажэна Жолудзь прамаўляе на акцыі каля пасольства Беларусі ў Кіеве. Акцыя прымеркаваная на знак памяці пра загінулага Віталя Шышова. Кіеў, Украіна, 3 жніўня 2021 г.
Фота: GLEB GARANICH / Reuters / Forum

«Белсат» паразмаўляў з Бажэнаю Жолудзь, сяброўкаю загінулага ў Кіеве кіраўніка Беларускага дому ва Украіне Віталя Шышова.

Пра пачатую Следчым камітэтам Беларусі крымінальную справу супраць сябе Бажэна Жолудзь даведалася ў моргу, калі чарговы раз намагалася забраць цела Віталя Шышова. Яго знайшлі павешаным 3 жніўня на ўскрайку Кіева.

«Мне было не да таго, калі я пра гэта даведалася. Я так разумею, што ім не спадабалася мая прамова каля амбасады. Ну, хаця б не за спінай, а абвесцілі вайну», – падзялілася меркаваннем Бажэна.

Hавiны
Следчы камітэт пачаў крымінальную справу супраць дзяўчыны загінулага беларуса Шышова
2021.08.17 13:24

«Рукі апускаюцца, але цяпер іх апускаць нельга. За дваіх не магу іх апусціць», – прызнаецца дзяўчына.

Бажэна распавяла, што не плануе з’язджаць з Украіны і дазваляць украінскім следчым зацягваць расследаванне смерці Віталя Шышова: «Я буду абіваць усе парогі ўсіх дзяржаўных установаў, каб гэтая справа не зацягнулася, як забойства Паўла Шарамета. Буду намагацца хоць нешта рабіць, каб справа рухалася. Я нават цяпер не ўпэўненая, што да гэтага не маюць дачынення нейкія ўкраінскія ўстановы. Такі жах адбываецца, што проста хочацца заплюшчыць вочы і нічога не бачыць».

Дзяўчына ўсцяж не можа пахаваць Віталя: «Я дасюль не магу забраць ягонага цела. Не дае дазволу пракуратура. То дакументы ім не падабаюцца, хаця ўсё ёсць. Потым нібыта зноў нейкія следчыя дзеянні прызначылі. Я сёння ў моргу запытала, ці змагу яго пахаваць у адкрытай труне, а мне далі зразумець, што пытанне нават у тым, ці ўдасца яго хаця б пераапрануць. Заўтра пайду ў пракуратуру Кіева па канкрэтныя адказы».

Уразілася стрымамі Ціханоўскага

Бажэне Жолудзь 21 год, яна скончыла ў Рэчыцы каледж і збіралася працаваць архітэктарам:

«Пасля заканчэння каледжу я была такая натхнёная, што пайду працаваць архітэктарам, але потым зразумела, што ў нас агромністая праблема знайсці працу паводле спецыяльнасці. Не толькі ў нашым горадзе, а паўсюль. Нідзе не былі патрэбныя маладыя спецыялісты. Паўсюль у прыярытэце былі кум, сват, брат. Мы з аднагрупніцай у абед проста хадзілі па розных офісах, крамах, нават у пахавальным бюро пыталі, ці ёсць хоць якія вакансіі. Любыя!»

На біржы працы дзяўчыне прапаноўвалі прайсці курсы манікюру: «Было крыўдна, што столькі часу і грошай мы патрацілі на адукацыю, каб потым нідзе не магчы ўладкавацца».

Праз нейкі час Бажэне ўдалося знайсці месца ў рэгістратуры дзіцячай паліклінікі. І месца, і ўмовы працы абуралі нашую суразмоўцу: «Уладкавацца ўдалося нейкім цудам. Але гэта восем гадзінаў на нагах, заробак мінімальны. І там за капейкі працуюць бабулі з хворымі нагамі, якім да пенсіі застаецца ўсяго нічога, а ён [Лукашэнка. – заўвага Belsat.eu] усё дадае [гады для выхаду на пенсію. – заўвага Belsat.eu], і яны ўсё не дачакаюцца, калі гэта скончыцца. Ці жанчыны, у якіх малыя дзеці. І добра, калі ў іх мужчыны ёсць. А калі б не было? Як яна б карміла сваіх дзетак? У мяне гэта проста не ўкладвалася ў галаве».

21-гадовая Бажэна Жолудзь. Кіеў, Украіна, 8 жніўня 2021 г.
Фота: Pavlo_bagmut / Zuma Press / Forum

Увесну 2020-га Бажэна ўбачыла стрым Сяргея Ціханоўскага і вельмі ўразілася ягонаю рашучасцю. Потым, калі блогера затрымалі і пачаўся набор у ініцыятыўную групу, далучылася да валанцёраў Святланы Ціханоўскай.

«Я збірала подпісы. Мы ладзілі мітынгі па Гомельскай вобласці. І пачаўся ціск. Удома ў мяне былі ператрусы, адміністратыўныя пратаколы невядома за што», – згадвае Бажэна.

У пачатку жніўня дзяўчыну чарговы раз выклікалі ў РАУС, але адбылася вельмі дзіўная гісторыя. Кіраўніца намагалася затрымаць Бажэну на працы, каб тая не трапіла на допыт:

«Я думала, што пакажу кіраўніцы позву і адыду з працы на некаторы час. Але пры мне ёй патэлефанавалі, яна змянілася ў твары, а потым замкнула памяшканне, дзе мы былі разам, і сказала, што я нікуды не пайду. Тады я запатрабавала заяву на звальненне. У выніку чалавек з вялікім стажам клеіць дурня і кажа, што яна не ведае, як пісаць такую заяву. Тады я пачала патрабаваць, каб яна адамкнула дзверы. Бо калі б я не прыйшла ў час, мяне б ужо затрымлівалі іначай».

Урэшце Бажэне ўдалося сысці і трапіць у РАУС нават раней за прызначаны час: «Я проста села пад камерамі і пытаю, хто мяне будзе дапытваць. А яны, напэўна, не прадумалі майго затрымання, доўга не маглі зразумець, што са мною рабіць. То ўрэшце потым знайшлі нейкага ўчастковага, які мне па дзясятым разе задаваў пытанні, на якія я ўжо шмат разоў адказвала. То я ўжо сама пачала яго пытаць, нашто яны падстаўляюць маю начальніцу. Ладна, у іх сумлення няма, а яна тут пры чым? Мо як чалавек яна б у гэтым не брала ўдзелу, але ёй так загадалі. Ён адказаў: «Ты ж усё сама разумееш». Мы ж усё разумеем, на іхнае меркаванне».

Пасля такой дзіўнай размовы Бажэну выпусцілі, яна вярнулася на працу:

«Я была ў шоку, што са мною такое адбываецца. Сяджу на працы і думаю: а што я тут раблю? У інтэрнэце ўжо была інфармацыя пра затрыманні маіх калег. Паднялася да кіраўніцы, яна сказала, каб я прыходзіла звальняцца заўтра, а заўтра мяне маглі б схапіць, сказаць, што я кагосьці ўдарыла ці абразіла, і асудзіць».

Дзяўчына кінула працу і рушыла дадому збіраць рэчы, хаця не планавала зʼязджаць на доўгі час:

«Думала, што гэта на тыдзень, два максімум, пакуль усё супакоіцца і пакуль прыйдзе час інаўгурацыі Святланы Ціханоўскай. Я бачыла, колькі людзей хочуць пераменаў, і нават не магла ўявіць, што адбудзецца тое, што здарылася 9 жніўня».

Акцыя памяці Віталя Шышова каля амбасады Беларусі ў Кіеве.
Фота: АА / Белсат

Бажэна пастанавіла ўцякаць ва Украіну, дзе за апошні год была валанцёркаю: дапамагала ўцекачам, працавала журналісткаю, арганізоўвала акцыі.

«Я ніколі не сустракала столькі добрых людзей за ўсё сваё жыццё. Такіх шчырых і добрасумленных», – прызналася дзяўчына.

Артыкулы
Знайшлі павешаным кіраўніка Беларускага дому ва Украіне
2021.08.03 10:01
Фотарэпартаж
У Кіеве і Вільні адбыліся акцыі памяці Шышова. Фотарэпартаж
2021.08.03 20:57

МГМ belsat.eu

Стужка навінаў