«Гэта трызненне». Літва зняпраўдзіла заяву Церцеля пра атаку беспілотнікаў


Ва Узброеных сілах Літвы назвалі дэзынфармацыяй заяву старшыні КДБ Беларусі Івана Церцеля, які падчас Усебеларускага народнага сходу распавёў, што з літоўскай тэрыторыі нібыта планавалася нанесці ўдар беспілотнікамі па Менску.

Старшыня КДБ Іван Церцель падчас УНС. Менск, Беларусь. 25 красавіка 2024 года.
Фота: sb.by

Старшыня КДБ Іван Церцель 25 красавіка заявіў, што Камітэт дзяржбяспекі разам з іншымі сілавымі структурамі апошнім часам «правёў шэраг вострых чэкісцкіх мерапрыемстваў, якія дазволілі перадухіліць нанясенне ўдараў баявымі дронамі з тэрыторыі Літвы па абʼектах у Менску і яго прадмесцях».

Прадстаўнік Дэпартаменту стратэгічных камунікацыяў Узброеных сілаў Літвы маёр Гінтаўтас Цюніс зняпраўдзіў гэтыя паведамленні.

«Я магу на 100 % сцвярджаць, што гэта дэзынфармацыя. Гэта трызненне, што Літва нанясе ўдар з беспілотніка па Беларусі, іншага слова я не магу падабраць», – сказаў ён LRT.lt.

Ён зазначыў, што такія заявы з боку Беларусі выклікаюць у яго толькі ўсмешку.

Прадстаўніца камандуючага Узброенымі сіламі Літвы Жывіле Дзіджгальвіене таксама зняпраўдзіла інфармацыю старшыні КДБ.

«Варожая інфармацыйная дзейнасць характарызуецца распаўсюдам дэзынфармацыі і ілжывых абвінавачанняў. Узброеныя сілы Літвы не рабілі і не робяць ніякіх варожых дзеянняў супраць іншых краінаў», – заявіла Дзіджгальвіене.

Абноўлена
Ядравая зброя, мір на ўмовах Расеі і баявыя камары. Пра што кажуць на другім дні УНС
2024.04.25 11:06

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў