На МАЗе прызналі, што ўзгаранні аўтобусаў – наступства санкцыяў


Намеснік кіраўніка Менскага аўтазаводу Сяргей Жыліч пацвердзіў версію аб’яднання «BELPOL» пра тое, што аўтобусы прадпрыемства гараць з увагі на заходнія санкцыі. Ён сказаў выданню «Настоящее время», што, зрэшты, уведзеныя абмежаванні – толькі адна з прычынаў інцыдэнтаў.

Узгаранне аўтобуса МАЗ у Санкт-Пецярбурзе.
Фота: vk.com/spb_today

Напачатку красавіка арганізацыя «BELPOL» паведаміла, што на загад Аляксандра Лукашэнкі чыноўнікі падрыхтавалі справаздачу пра прычыны ўзгарання аўтобусаў Менскага аўтазаводу. У дакуменце названыя тры чыннікі:

  • вымушаныя канструктыўныя змены з увагі на санкцыі, у тым ліку замена запраектаваных нямецкіх рухавікоў «Mersedes» кітайскімі «Weichai»;
  • няякасны мантаж электраабсталявання;
  • неэфектыўная сістэма гашэння агню «Эпотос» расейскай вытворчасці.

Прынамсі адну з гэтых прычынаў – санкцыі – пацвердзіў намеснік генеральнага дырэктара МАЗа Сяргей Жыліч. «У тым ліку, але гэта было на пачатковым этапе. Адна з прычынаў, адна з…», – сказаў топ-менеджар. На пытанне, якая цяпер сітуацыя, ён адказваць адмовіўся.

Hавiны
У Санкт-Пецярбургу шосты раз за 13 месяцаў згарэў пастаўлены з Беларусі аўтобус МАЗ
2023.06.26 13:16

Акадэмічны дырэктар эканамічнага цэнтру BEROC Леў Львоўскі таксама схіляецца да думкі, што менавіта санкцыі паўплывалі на якасці менскіх аўтобусаў, калі МАЗ страціў доступ да заходніх кампанентаў:

«Яны мусілі цалкам перасабраць свой аўтобус. Можна рабіць і з кітайскімі дэталямі, уласна, кітайцы робяць свае аўтобусы. Проста патрэбна нанова прадумаць усю праводку, усю схему».

Аднак такая перазборка патрабуе часу, а на прыпыненне працы МАЗа не наважыліся.

«Тады інжынеры заводу знайшлі больш-менш падобныя дэталі, паставілі іх на месца еўрапейскіх і пачалі вырабляць. Фармальна аўтобус запускаецца, ездзіць, але, як мы бачым, часта ён ездзіць не занадта далёка», – іранізуе эканаміст.

Пад санкцыі ЕЗ беларускі вытворца трапіў улетку 2021 года ў адказ на рэпрэсіі, а таксама з увагі на прымусовую пасадку самалёта «Ryanair».

Hавiны
Улады хаваюць выпадкі ўзгарання тэхнікі ў Беларусі? Новыя звесткі ад журналістаў-расследавальнікаў
2023.11.21 10:11

Першыя выпадкі ўзгарання аўтобусаў МАЗ адбыліся яшчэ напрыканцы 2022 года. Інцыдэнты з менскай тэхнікай фіксаваліся ў Саратаве, Казані, Пермскім краі, Салехардзе, Іжэўску, а ў Пецярбурзе аўтобусы наогул здымалі з маршрутаў праз частыя пажары.

Лукашэнка тады казаў, што прычына не ў вытворцы: маўляў, мясцовыя перавознікі не даюць рады з абслугоўваннем тэхнікі.

Паводле звестак расейскага агенцтва «АСМ-Холдинг», у першым квартале сёлета Расея купіла 226 аўтобусаў МАЗ, што на 28% ніжэй год да года. Пры гэтым агулам продаж новых аўтобусаў у суседняй краіне вырас на 24%.

Аб’ектыў
Чаму насамрэч гараць МАЗы?
2024.04.05 20:32

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў