Найбуйнейшы горад Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў перажыў патоп, нетыповы для пустэльні. Дзяржаўнае інфармагенцтва Эміратаў WAM паведаміла, што за дзень 16 красавіка выпала 254,8 мм ападкаў – рэкорд за 75 гадоў назіранняў. А як піша «Associated Press», гадавая норма для Дубаю – 94,7 мм.
У Дубаі, расказвае CNN, дарогі ператварыліся ў рэкі так хутка, што кіроўцы мусілі ўцякаць з машынаў. Вада затапіла дамы і прадпрыемствы, самалёты ледзь не плылі ў другім паводле загружанасці аэрапорце свету.
Дубай размешчаны ў сухім і гарачым клімаце, ападкі там нячастыя. Таму шмат дзе адсутнічае інфраструктура, каб спраўляцца з паводкамі. Але праз змену клімату залевы здараюцца там, дзе іх практычна не бывала.
Штармавая сістэма, якая цяпер працінае Аравійскі паўвостраў, таксама прыносіць надзвычай вільготнае надвор’е ў Аман і на поўдзень Ірану.
Пра ахвяраў патопу ў Дубаі не паведамляюць. Але ў суседнім Амане за апошнія дні 18 асобаў загінулі ад патопаў, у тым ліку 10 школьнікаў.
Алесь Наваборскі belsat.eu