Гарадзенская міліцыя папярэдзіла аб планавых праверках аптэк у рамках спецыяльнага комплекснага мерапрыемства «Допінг», якое маюць намер праводзіць на тэрыторыі ўсёй Беларусі да канца працоўнага тыдня.
Да 19 красавіка супрацоўнікі міліцыі паабяцалі правяраць аптэкі, а таксама паліклінікі і больніцы ў пошуках «уцечкі» лекавых прэпаратаў з наркатычнымі і псіхатропнымі рэчывамі ў складзе. Праверкі накіраваны на тое, каб такія прэпараты не траплялі з легальнага абароту ў нелегальны, паведамілі ва УУС Гарадзенскага аблвыканкаму.
У гэтых мэтах міліцыя будзе дадаткова правяраць склады з наркатычнымі рэчывамі ва ўстановах аховы здароўя, а таксама правяраць рэцэпты беларусаў.
«Гэта робіцца з мэтай выяўлення падробкі. Па ўсіх выяўленых выпадках незаконнага атрымання падобнага лекавага прэпарата дзеянням віноўніка будзе давацца прававая ацэнка», – заявілі ў міліцыі, не ўдакладніўшы пры гэтым, якое пакаранне пагражае тым, чые рэцэпты прызнаюць несапраўднымі.
Ася Саковіч belsat.eu