Расею ўночы атакавалі 50 украінскіх дронаў. Гарэлі нафтабазы


Уночы з 19 на 20 красавіка тэрыторыю Расеі атакавалі 50 украінскіх беспілотнікаў самалётнага тыпу. Пра гэта паведамілі раніцай у Міністэрстве абароны РФ.

Нафтабаза «Лукойлу». Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: lukoil.ru

У ведамстве адзначылі, што дзяжурныя сродкі СПА знішчылі і перахапілі 26 беспілотнікаў над тэрыторыяй Белгародскай вобласці, дзесяць – над Бранскай, восем – над Курскай, два – над Тульскай і па адным – над Смаленскай, Разанскай, Калужскай і Маскоўскай вобласцямі.

Як паведаміў смаленскі губернатар Васілій Анохін, каля 02:00 у Кардымаўскім раёне быў атакаваны аб’ект паліўна-энергетычнага комплексу. Паводле яго, лятальныя апараты былі збітыя, але ў выніку падзення абломкаў загарэліся ёмістасці з гаруча-змазачнымі матэрыяламі.

Мясцовыя жыхары кажуць на відэа, што гарэлі нафтабазы «Лукойла» і «Нефтико».

Таксама адбылося ўзгаранне абʼекта энергетычнай інфраструктуры ў Выгоніцкім раёне Бранскай вобласці, паведаміў губернатар Аляксандр Багамаз. Аварыйныя брыгады мусілі забяспечваць бесперабойнае энергазабеспячэнне спажыўцоў.

У Белгародскай вобласці ў выніку атакі дронаў згарэлі прыватны жылы дом і хлеў у сяле Пораз Грайваронскай гарадской акругі. Загінулі двое мясцовых жыхароў, напісаў губернатар Вячаслаў Гладкоў.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў