Савет Еўразійскай эканамічнай камісіі адмяняе з 31 сакавіка ўвазную мытную пошліну на некаторыя тавары вытворчасці трансфарматараў. Пра гэта паведамляецца на сайце Еўразійскай эканамічнай камісіі.
Не трэба будзе плаціць пошліну пры ўвозе на тэрыторыю ЕАЭС тавараў пад кодамі 4413 00 000 0 (драўніна прэсаваная ў выглядзе блокаў, пліт, брусаў або прафіляваных формаў) і 8535 90 000 8 (іншая апаратура электрычная для камутацыі/абароны электрычных ланцугоў/для падлучэнняў да электрычных ланцугоў/у электрычных ланцугах ).
«Тарыфная льгота будзе давацца пры іх увозе ў Беларусь, Казахстан, Кыргызстан і Расейскую Федэрацыю па 28 лютага 2026 года ўключна. Умовай прадстаўлення тарыфнай ільготы з’яўляецца наяўнасць пацверджання мэтавага прызначэння тавараў, выдадзенага ўпаўнаважаным органам», – адзначае ЕЭК.
Дырэктар дэпартаменту мытна-тарыфнага і нетарыфнага рэгулявання ЕЭК Ваагн Казаран адзначае, што рашэнне прынята для «доўгатэрміновага развіцця электрамашынабудаўнічай галіны».
Тэлеграм-канал «Эканоміка Беларусі» піша, што мера па стымуляванню вытворчасці трансфарматараў патрэбная Расеі, якая «рыхтуецца да ўдараў украінскіх дронаў-камікадзэ па энергетычных абʼектах». Такая версія цалкам верагодная, паколькі сама Расея імкнецца знішчаць трансфарматарныя падстанцыі ва Украіне, каб ствараць праблемы з электрычнасцю.
Такія станцыі дазваляюць зніжаць занадта высокае і непрыдатнае для спажыўцоў напружанне з электрастанцыяй. Таксама яны размяркоўваюць ток з магістральных сетак у рэгіянальныя. У залежнасці ад патрэбы напружанне з дапамогай трансфарматараў можа павышацца або паніжацца. Гэта значыць, каб стварыць перабоі з падачай электраэнергіі не абавязкова знішчаць ЦЭЦ або ТЭС, а досыць пашкодзіць трансфарматары.
«Пасля шматразовых удараў па электрастанцыях і энергаразмеркавальнай інфраструктуры Украіны ўлады РФ вырашылі падрыхтавацца да ліквідацыі наступстваў непазбежных удараў у адказ», – лічыць «Эканоміка Беларусі».
Арсен Рудэнка belsat.eu