У Пінскім раёне грузавік насмерць збіў міліцыянта


У Пінскім раёне ў выніку наезду грузавіка загінуў працаўнік ДАІ, які нёс службу на гэтым участку дарогі. Пра гэта паведамілі ў Міністэрстве ўнутраных справаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Belsat.eu

Раніцай 28 сакавіка на 99-м кіламетры аўтадарогі Р-6 «Івацэвічы – Пінск – Столін», паблізу вёску Стытычава Пінскага раёну, 40-гадовы кіроўца МАЗу наехаў на 35-гадовага працаўніка ДАІ.

Міліцыянт загінуў. Цяпер на месцы здарэння працуе следча-аператыўная група.

Гэта не першая смерць міліцыянта ў Беларусі за апошнія месяцы. 4 лютага 2024 года на працоўным месцы памёр начальнік УУС Аршанскага райвыканкаму Сяргей Барвянкоў. Прычынаю смерці сталіся праблемы з сэрцам.

23 лютага стала вядома пра смерць 47-гадовага былога начальніка калоніі № 3 «Віцьба» Аляксея Старавойтава, які кіраваў калоніяй каля пяці гадоў. Паводле былога палітвязня Сяргея Пятрухіна, гэта было самагубства, бо на Старавойтава завялі крымінальную справу праз уцягнутасць у нелегальныя схемы.

Крыху пазней, 29 лютага, стала вядома, што ўвосень 2023-га ў веку 44 гадоў памёр начальнік Упраўлення супрацьдзеяння кіберзлачыннасці Берасцейскага УУС, палкоўнік Андрэй Глінскі.

А ў сакавіку паведамілі пра смерць памочніка намесніка начальніка Менскага абласнога УУС у арганізацыйна-штатнай працы, падпалкоўніка Аляксея Беразавіка. Яму быў 51 год.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў