Лукашэнка зноў запрасіў у Беларусь прэзідэнта Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі


Ад імя Аляксандра Лукашэнкі 27 красавіка апублікавалі чарговае віншаванне прэзідэнту Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі Сірылу Рамапхосу з Днём свабоды. Афрыканскага лідара зноў запрасілі ў Беларусь.

Сірыл Рамапхоса
Прэзідэнт Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі Сірыл Рамапхоса. Дурбан, ПАР. 26 лютага 2024 года.
Фота: GovernmentZA / Flickr, CC BY-ND 2.0

У віншаванні ад Аляксандра Лукашэнкі згадваецца, што Паўднёва-Афрыканская рэспубліка 30 гадоў таму перамагла рэжым апартэіду і дамаглася справядлівага стаўлення да грамадзянаў.

Лукашэнка заяўляе, што Беларусь і ПАР маюць падобныя мэты і ідэалы, падтрымліваюць адна адну на міжнародных пляцоўках (не надта актыўна) і развіваюць гандаль (апошнія перад засакрэчваннем звестак лічбы – 32 млн долараў гандлёвага абароту за 2021 год).

У лісце Лукашэнка пацвердзіў запрашэнне ў Беларусь прэзідэнта ПАР Сірыла Рамапхосы ў Беларусь. Першае запрашэнне Лукашэнка высылаў яму роўна год таму, але пасля таго запрашэння Рамапхоса паехаў не ў Менск, а ў Кіеў.

Візітаў на найвышэйшым узроўні між Беларуссю і ПАР не было – максімум прыязджалі міністры. У Беларусь у 2018 годзе мелі прыехаць таксама паўднёва-афрыканскія поп-зоркі «Die Antwoord», але іхны канцэрт забаранілі за «нізкі мастацкі ўзровень» (як яго вызначылі, растлумачыць не змаглі).

Лукашэнка таксама пажадаў Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы міру і дабрабыту. Пажаданне актуальнае: краіна даўно знаходзіцца ў глыбокім энергетычным крызісе з частымі блэкаўтамі, мае катастрафічны ўзровень беспрацоўя, скатываецца ў палітычны крызіс перад выбарамі, запланаванымі на 29 траўня.

Каментар
Эксперты пра запрашэнне Святланы Ціханоўскай на саміт «Вялікай сямёркі»
2024.04.19 18:28

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў