«Менскметрастрой» сцвярджае, што будаўніцтва трох новых станцыяў Зеленалужскай лініі метро будзе завершанае цягам двух гадоў. Станцыя «Слуцкі гасцінец» гатовая на амаль 30 %, «Немаршанскі сад» – на 60 %, а найбольшая ступень гатовасці – у станцыі «Аэрадромная».
Менгарвыканкам апублікаваў рэндэры інтэр’ераў «Аэрадромнай» і ўваходу на станцыю. Задума дызайнераў – падкрэсліць тэму палёту на станцыі каля былога аэрадрому «Менск-1». Зрабіць гэта чамусьці вырашылі праз квадратныя свяцільнікі на люстэркавай столі.
На трэцяй лініі метро плануюць 14 станцыяў ад Курасоўшчыны да Зялёнага Лугу. Ужо гатовыя чатыры («Кавальская Слабада», «Вакзальная», «Плошча Францішка Багушэвіча» і «Юбілейная плошча»). Агулам да 2030 года плануюць, што працягласць усіх лініяў метрапалітэну вырасце да 56,8 км з цяперашніх 44 км.
Улады ўжо думаюць пра чацвёртую лінію ад плошчы Бангалор праз Акадэмію навук і Трактарны завод да Серабранкі, яе плануюць будаваць з 2030 па 2040 гады. Ды планы з метро пастаянна мяняюцца.
Алесь Наваборскі belsat.eu