ГУБАЗіК паведаміў пра новыя масавыя затрыманні ў Бярозе. Пад «хапун» трапілі мясцовыя жыхары, якія нібыта ўдзельнічалі ў акцыях пратэсту ў 2020 годзе.
У відэа, размешчаным у тэлеграм-канале ГУБАЗіКу, паказаныя 5 мужчын, якія распавядаюць, што ўдзельнічалі ў пратэстах і раскайваюцца ў сваіх дзеяннях. Адзін з затрыманых кажа, што працуе дальнабойнікам у Літве. Яго прымусілі назваць свой заробак.
Пра папярэдні «хапун» у Бярозе сілавікі распавялі 4 сакавіка – у «пакаяльных» відэа паказалі чацвярых мужчын. Яны казалі пра свой удзел у пратэстах 2020 года. Аднаму на шыю павязалі шалік хакейнага клубу «Дынама» (Менск). Статус і абвінавачанні, выстаўленыя затрыманым, пакуль невядомыя.
У канцы відэа губазікаўцы анансавалі новыя затрыманні: на відэа можна было ўбачыць аператыўныя здымкі хапуна ў дачыненні яшчэ некалькіх асобаў.
«Хап уны» ці масавыя затрыманні – распаўсюджаная ў сілавікоў рэжыму Лукашэнкі практыка. 23 студзеня 2023 года па ўсёй Беларусі працаўнікі КДБ учынілі масавыя ператрусы, допыты і затрыманні сваякоў і блізкіх палітвязняў, а таксама былых палітзняволеных, якія нядаўна выйшлі з месцаў няволі і заставаліся жыць у краіне. Паводле праваабаронцаў, пад пераслед трапілі не менш як 287 асобаў.
Марыя Міхалевіч belsat.eu