Падкантрольны сілавікам тэлеграм-канал паказаў наступствы ўчыненага байцамі ГУБАЗіКу пагрому ў кватэры анархіста Рамана Халілава.
Раман Халілаў – анархіст ды былы ўдзельнік харугвы Паспалітага рушэння. Ён з’ехаў з Беларусі праз пагрозу пераследу яшчэ ў 2019 годзе (спачатку ва Украіну, а потым у Польшчу).
Напрыканцы 2021 года была затрыманая маці Рамана – Гаянэ Ахціян. Пазней супраць яе пачалі крымінальную справу і прысудзілі жанчыне 3 гады «хатняй хіміі». Пры затрыманні сілавікі паставілі маці актывіста на калені ды запісалі гэта на відэа.
У сувязі з чым быў арганізаваны цяперашні рэйд у кватэру Халілава – невядома.
Пагромы ў кватэрах палітуцекачоў сталіся звычайнай практыкай для ГУБАЗіКу. Фота- і відэасправаздачы сваіх дзеянняў сілавікі стылізуюць пад выданне тэлепраграмы «Кватэрнае пытанне» і суправаджаюць здзеклівымі каментарамі.
Глеб Нержын belsat.eu