Праект «Хуткая гуманітарная дапамога» адкрыў ужо традыцыйны збор дзецям палітвязняў на летнія вакацыі. Ахвяраваць грошы можна на сайце фонду «BYSOL».
На кожнае дзіця ўзростам да 16 гадоў з сям’і палітычнага зняволенага або ўжо вызваленага палітвязня хочуць выдаць дапамогу ў памеры прынамсі 100 еўраў. Заяўкі на атрыманне дапамогі можна падаць праз адмысловую форму да 19 траўня ўключна.
Агулам хочуць сабраць не менш як 20 тысяч еўраў. Сабраныя грошы пойдуць і на экскурсіі, падарожжы і летнікі, адукацыйныя гурткі і спартовыя секцыі, рыштунак для гульняў і заняткаў.
«Гэта збор перад вакацыямі, накіраваны на тое, каб беларусы не пачуваліся пакінутымі, – пішуць на старонцы збору. – Мы разам з вамі можам дапамагчы адчуць гэтым сем’ям і дзецям у іх, што яны не засталіся адны са сваімі праблемамі».
«Хуткая гуманітарная дапамога» – праект, у які ўваходзяць фонды «BYSOL», «By_Help», «Краіна для жыцця», «Dissidentby» i Асацыяцыя беларускага бізнесу за мяжой (ABBA).
Падчас папярэдніх такіх акцыяў дапамаглі дзецям на падставе 1600 заявак.
Алесь Наваборскі belsat.eu