У менскім ГЦ «Palazzo» МУС зладзіў вучэнні: адпрацоўвалася рэагаванне на атаку тэрарыстаў


Увечары 19 красавіка ў гандлёвым цэнтры «Palazzo» ў Менску адбыліся антытэрарыстычныя вучэнні.

Антытэрарыстычныя вучэнні ў Менску.
Фота: pressmvd / Telegram

Яны былі арганізаваныя ў сувязі з тэрактам у расейскім «Crocus City Hall».

У МУС паведамляюць, што ў вучэннях, што прайшлі на тэрыторыі гандлёвага цэнтру «Palazzo», былі задзейнічаныя прадстаўнікі розных службаў і падраздзяленняў органаў унутраных справаў, а таксама вайскоўцы ўнутраных войскаў

«Навучальным сцэнарам прадугледжвалася рэагаванне на паведамленне пра безгаспадарную сумку з прадметам, падобным да выбуховага прыстасавання.

Адпрацоўваліся таксама дзеянні асабовага складу пры з’яўленні ў ГЦ стралкоў з аўтаматычнай зброяй. Супрацоўнікі блакавалі небяспечную зону, зарганізавалі аператыўную эвакуацыю грамадзянаў, абясшкодзілі і затрымалі злачынцаў», – гаворыцца ў прэс-рэлізе ведамства.

На вучэннях асабіста прысутнічала ўсе кіраўніцтва МУС.

«Мы старанна прааналізавалі трагедыю ў Падмаскоўі, улічылі магчымыя нюансы і выпрацавалі дадатковыя захады бяспекі ў месцах масавага перабывання грамадзянаў, у тым ліку гандлёвых цэнтрах», – заявіў міністр унутраных справаў Іван Кубракоў.

Міністр паведаміў, што ў траўні плануецца правесці маштабныя вучэнні з прыцягненнем усіх тэрытарыяльных органаў унутраных справаў Беларусі.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў