«Белсат» падводзіць вынікі 790-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 23 красавіка чытайце ў нашым аглядзе.
У Генеральным штабе Збройных сілаў Украіны паведамілі, што цягам апошніх содняў праціўнік не праводзіў наступальных дзеянняў на купянскім кірунку.
У гэты ж час праўкраінскі тэлеграм-канал «Говорять Снайпер» піша, што самыя ЗСУ правялі паспяховыя штурмы некалькіх пазіцыяў расейцаў у кірункі населенага пункту Ліман Першы (на поўначы ад Купянску).
У гэты ж час на суседнім ліманскім кірунку фіксуецца высокая наступальная актыўнасць Узброеных сілаў РФ: вядома пра прынамсі 19 атак каля сёлаў Надзея і Новаягораўка і на тэрыторыі Серабранскага лясніцтва ў Луганскай вобласці, а таксама ў ваколіцах Цернаў і Торскага на поўначы Данецкай.
Праўкраінскі тэлеграм-канал «Офіцер» удакладняе, што ў Серабранскім лясніцтве баі маюць сустрэчы характар, у ходзе якіх Збройныя сілы прасунуліся і нанеслі праціўніку істотныя страты.
Пры гэтым У Міністэрстве абароны РФ заявілі, што іхныя вайскоўцы занялі больш выгадныя рубяжы ў ваколіцах сяла Дзіброва ў Луганскай вобласці (каля вышэйзгаданага лясніцтва).
На бахмуцкім кірунку, паводле Генштабу ЗСУ, войскі РФ цягам содняў не менш за 16 разоў атакавалі каля населеных пунктаў Спірнае, Выемка, Часаў Яр, Іванаўскае, Клішчыеўка і Андрэеўка на Данеччыне і каля Залатароўкі ў Луганскай вобласці, але поспеху не дасягнулі.
Прарасейскі тэлеграм-канал «Рыбарь» удакладняе, што ў горадзе Часаў Яр баі ідуць на тэрыторыі мікрараёну, які знаходзіцца на ўсходзе ад каналу Северскі Данец – Данбас. Пакуль украінцам удаецца ўтрымліваць пазіцыі за кошт перакідання рэзерваў на гэты ўчастак фронту.
Аналітыкі праекту Deepstate пішуць, што ў гэты ж час ЗСУ контратакавалі на паўднёвым усходзе ад Часавага Яру і аднавілі пазіцыі з поўдня ад сяла Іванаўскае.
На аўдзееўскім кірунку ініцыятыва таксама застаецца за Узброенымі сіламі РФ, якія наступаюць па ўсёй шырыні фронту. Пры гэтым па-ранейшаму самая складаная сітуацыя для сілаў абароны Украіны назіраецца на паўночным фланзе кірунку.
У Deepstate фіксуюць чарговыя прасоўванні расейцаў у сяле Ачарэтына.
«Рыбарь» паведамляе, што пасля заняцця паўднёвых ускрайкаў, войскі РФ перайшлі чыгуначную лінію і замацаваліся ў цэнтральнай частцы населенага пункту. Цяпер, паводле крыніцы, ідзе зачыстка паўночнай часткі сяла. Пры гэтым пад кантролем ЗСУ застаецца тэрыторыя цагельнага заводу на заходніх ускрайках Ачэрэтына.
Адначасова з гэтым УС РФ пачалі расшыраць зону ўкліньвання на гэтым участку фронту і зайшлі ў суседнюю Новабахмутаўку, якая знаходзіцца з поўдня ад Ачарэтына.
Прарасейскія крыніцы сцвярджаюць, што гэты невялікі населены пункт ужо амаль цалкам заняты войскамі РФ.
У Мінабароны РФ пішуць, што ЗСУ контратакуюць па ўсёй лініі сутыкнення.
На навапаўлаўскім кірунку ідуць сустрэчныя баі на поўдні і ўсходзе гораду Краснагораўка, але істотных поспехаў ніводнага з бакоў не фіксуецца.
Украінскае камандаванне паведамляе, што таксама расейцы ціснуць каля населеных пунктаў Георгіеўка, Новаміхайлаўка, Вадзяное і Мікольскае.
Прарасейскі тэлеграм-канал «Два майора» піша, што з боку раней занятай Новаміхайлаўкі войскі РФ паступова прасоўваюцца ў бок суседніх Парасковіеўкі і Канстанцінаўкі.
На бярдзянскім кірунку Узброеныя сілы РФ атакавалі на так званым урэмеўскім выступе каля населеных пунктаў Ураджайнае і Старамаёрскае (на мяжы Данецкай і Запарожскай вобласцяў).
Тэлеграм-канал расейскіх вайскоўцаў «Воин DV» сцвярджае, што яны прасунуліся на розных участках на адлегласць да некалькіх сотняў метраў і занялі два апорныя пункты ЗСУ ў ваколіцах сяла Ураджайнае.
Канал «Два майора» піша, што прасоўванні войскаў РФ на ўрэмеўскім выступе ўскладненыя наяўнасцю ўмацаваных раёнаў, якія ЗСУ ўзвялі летась.
У Запарожскай вобласці фіксуюцца сустрэчныя баі ў сяле Работына і на паўночным захадзе ад суседняга Вэрбовага (выступ па фронце з поўдня ад гораду Арэхаў), але аб прасоўваннях ніводнага з бакоў не паведамляецца.
У Херсонскай вобласці баі лакалізуюцца на левым беразе Дняпра, дзе ЗСУ ўтрымліваюць некалькі невялікіх плацдармаў – у сяле Крынкі і ў ваколіцах Антонаўскага моста. Украінскае камандаванне паведамляе пра сем безвыніковых атак праціўніка за апошнія содні.
На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.
Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.
Наталля Кулыгіна belsat.eu