Арышты за каментары пра «Крокус Сіці Хол» і паўторныя суды. Рэпрэсіі 26 сакавіка


У Беларусі пачалася хваля затрыманняў за каментары пра тэракт у Расеі і «Крокус Сіці Хол». Разам з тым працягваюцца рэпрэсіі, якія сілавікі не перастаюць ладзіць з 2020 года. «Белсат» фіксуе парушэнні правоў людзей у Беларусі ў штодзённым аглядзе рэпрэсіяў.

Папраўчая калонія №5. Івацэвічы, Беларусь.
Фота: postalovsky-a.livejournal.com

26 сакавіка стала вядома прынамсі пра двух чалавек, якіх затрымалі за каментары пра «Крокус Сіці Хол». Адзін з іх – жыхар Шчучына. Яго вінавацяць у тым, што «здзекаваўся над трагедыяй, якая адбылася ў Расеі», а таксама ў «экстрэмісцкай дзейнасці».

Затрыманы кажа на відэа, якое сілавікі знялі пад прымусам, што пісаў каментары, бо не падтрымлівае вайну Расеі супраць Украіны.

Яшчэ адзін затрыманы – украінец, які з 1987 году жыве ў Менску.

«У міліцыі апынуўся з-за негатыўнага каментара з нагоды тэрарыстычнага акту, які адбыўся дзесьці там пад Масквой, узарвалі. Я напісаў, што я іх не шкадую», – кажа ён на відэа сілавікоў.

Сілавікі адсправаздачыліся, што затрымалі 20-гадовага жыхара Горадні Кірыла Гаўрылава. Яны пад выглядам знаёмага напісалі хлопцу з прапановай за грошы паздымаць вайсковую тэхніку. Калі Кірыл зрабіў здымкі і паспрабаваў забраць грошы ў тайніку, яго затрымалі.

Тым часам пачаўся чарговы суд над палітвязнем Дзмітрыем Рэзановічам. Яго вінавацяць у злосным непадпарадкаванні патрабаванням адміністрацыі калоніі. Справу будзе разглядаць суддзя Сяргей Кухацкавалец.

Раней паведамлялася, што Дзмітрыя неаднаразова змяшчалі ў ШІЗА, а таксама пазбавілі спатканняў і перадач, пагражалі перавесці на турэмны рэжым.

Дзмітрыя затрымалі напрыканцы кастрычніка 2020 года. 22 снежня 2021 года Менскі абласны суд пакараў Рэзановічу – 19 гадамі калоніі.

А ў Менскім гарадскім судзе з 19 сакавіка працягваецца суд над 57-гадовым Аляксандрам Верасовічам. За данаты яго абвінавачваюць паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу: фінансаванне дзейнасці экстрэмісцкага фармавання і фінансаванне ўдзелу на тэрыторыі замежнай дзяржавы ў ваенных дзеяннях. Справу разглядае Уладзімір Арэшка.

Верасовічу пагражае ад пяці да дзесяці гадоў калоніі. У мужчыны двое дзяцей.

У Гомлі затрымалі дырэктара тэлерадыёкампаніі «ФілТВ» Віталія Філінскага.

«Вядомага гомельскага бізнесоўцу прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці за распаўсюд «экстрэмісцкіх» матэрыялаў. Яго справу 22 сакавіка ў судзе Цэнтральнага раёну Гомля разглядала суддзя Восіпава Алеся. Што прызначыў суд – невядома», – паведамляюць праваабаронцы «Вясны».

Віталь Філінскі ў 1996 годзе стварыў тэлерадыёкампанію «ФілТВ», асноўным напрамкам дзейнасці якой з’яўляецца рэклама на тэлебачанні. Ён таксама зʼяўляецца сябрам грамадскага абʼяднання «Адзінства», якое садзейнічае развіццю прыватнага прадпрымальніцтва.

Інтэрв’ю
Аляксандр Мураўёў пра катаванні ў СІЗА КДБ, прачытаныя кнігі і Віктара Бабарыку
2024.03.26 16:00

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў