«Мілітарысцкая ліхаманка Лукашэнкі». Да чаго рыхтуецца беларускае войска і ці адкрые Расея другі фронт


З 11 сакавіка ў Беларусі пачалося чаговае правяранне боегатовасці Узбореных сілаў. 26 сакавіка ў Ашмянскі раён з інспекцыяй ходу правярання прыляцеў Аляксандр Лукашэнка, які паспеў зрабіць некалькі заяваў. Але што паказваюць гэтыя праверкі, якая іхная сапраўдная мэта і ці можна ацаніць, у якім стане беларускае войска? Пра гэта «Белсат» паразмаўляў з палітычным аналітыкам Валерам Карбалевічам, а таксама на ўмовах ананімнасці з экспертам, які шмат гадоў працуе ў ваеннай сферы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Я-Военный.Бел / Telegram

У чым галоўная прычына правяранняў?

Правяранне, якое пачалося 11 сакавіка, далёка не першае за адносна невялікі прамежак часу. Увосень 2023 года правяранне праходзіла ў сухапутных і авіяцыйных сілах, у снежні – у вайскова-паветраных сілах і войсках СПА, у студзені 2024-га адбылося правяранне танкавага батальёна адной з механізаваных брыгад Заходняга аператыўнага камандавання, у лютым прайшла адпрацоўка абароны на паўднёвым захадзе краіны.

Бягучае правяранне начальнік Генеральнага штабу генерал-маёр Віктар Гулевіч назваў адказам на вучэнні NATO «Steadfast Defender», якія праходзяць з канца студзеня да траўня. Але насамрэч з чым звязаная такая актывізацыя?

«Я думаю, гэта не галоўная прычына, – кажа ваенны эксперт. – На маю думку, усё ж такі беларуская ўлада сур’ёзна адносіцца да той версіі, што на тэрыторыю Беларусі з Украіны могуць увайсці Узброеныя фармаванні апазіцыі, частка якой зараз ваюе на баку ЗСУ.

І ў цэлым шматлікія байцы гэтых падраздзяленняў заяўляюць пра тое, што яны гатовыя ўвайсці на тэрыторыю Беларусі дзеля таго, каб памяняць уладу пры спрыянні ўнутранай апазіцыі».

Наш суразмоўца адзначыў, што да гэтага сур’ёзна аносяцца і ў суседняй Польшчы: былы камандуючы сухапутнымі войскамі Польшчы Вальдэмар Скшыпчак таксама казаў аб тым, што ў Беларусі магчымае паўстанне супраць існага рэжыму, і гэты момант нельга прапусціць, да яго трэба быць падрыхтаванымі, «каб падтрымаць тыя войскі, якія будуць праводзіць аперацыю супраць Лукашэнкі».

У сувязі з гэтым, лічыць суразмоўца, беларускі рэжым сур’ёзна разглядае магчымасць, што такая акцыя будзе падтрымана добраахвотнікамі заходніх краін пры фінансавай і тэхнічнай падтрымцы з боку шэрагу краінаў NATO.

Мілітарысцкая ліхаманка

Пацвярджае гэтую думку і палітычны аглядальнік Валер Карбалевіч, ён лічыць, што сілавыя структуры ў Беларусі хутчэй рыхтуюць дзеля «нейкіх унутраных забурэнняў», бо на Лукашэнку вялізны ўплыў аказалі падзеі 2020 году, якія і сталі трыгерам мілітарызацыі.

«Лукашэнка найперш баіцца ўнутраных пратэстаў, нейкіх унутраных дзеянняў праціўнікаў, і, зразумела, ён сур’ёзна ўспрымае тое, што нейкі полк Каліноўскага з Украіны рыхтуецца зайсці на тэрыторыю Беларусі і пачаць тут ваенныя дзеянні», – кажа палітычны аглядальнік.

«Мілітарысцкая ліхаманка» – такое азначэнне даў Валер Карбалевіч дзеянням па праверцы боегатовасці, якія праводзіць беларускі рэжым. Гэтая ліхаманка адбываецца ў Беларусі з 2020 году, калі падчас пратэстаў Лукашэнка заявіў, што Польшча збіраецца напасці на нашу краіну, захапіць Гарадзенскую вобласць, і нават паслаў войскі на заходнюю мяжу.

Аляксандр Лукашэнка са шпіцам прымае даклады беларускіх генералаў аб боегатовасці беларускіх войскаў.
Фота: скрыншот з відэа / Пул первого

Людзей пастаянна прызываюць на зборы, ствараюць тэрытарыяльную абарону, народнае апалчэнне, праводзяць пастаянныя вучэнні – усе гэтыя дзеянні працягваюцца бясконца.

«Сэнс гэтага ў тым, каб пастаянна падтрымліваць у Беларусі такую мадэль крэпасці ў аблозе. Гэта патрэбна Лукашэнку для таго, каб мабілізаваць дзяржаўны апарат, сілавыя структуры, сваіх прыхільнікаў, каб мець падставу для пераследу ўсіх нязгодных, усіх іншадумцаў. Мадэль крэпасці ў аблозе – проста класіка механізму ўтрымання ўлады ўсіх дыктатарскіх рэжымаў», – адзначае Валер Карбалевіч.

Лукашэнка не баіцца NATO

Што датычыцца нападу краінаў NATO, то, на думку ананімнага ваеннага эксперта, Лукашэнка гэтага не вельмі баіцца, бо ў такім выпадку ўступіць у сілу абавязальніцтва Расеі ў адносінах да Беларусі. Пра гэта нібыта заяўляюць як Уладзімір Пуцін, так і іншыя кіраўнікі расейскай дзяржавы: маўляў, напад на Беларусь будзе ўспрымацца так жа, як напад на Расею, у выніку чаго будзе дадзены адказ усёй ядравай магутнасцю, што прывядзе да вайны паміж блокам NATO і Саюзнай дзяржавай.

Акрамя таго, у Лукашэнкі, гаворыць эксперт, таксама зараз маецца ядравая зброя. Паводле некаторых дадзеных, гэта прыкладна два дывізіёны аператыўна-тактычных комплексаў «Іскандэр», ад 12 да 16 пускавых установак, гатовых для выкарыстання ядравай зброі, таксама маюцца і ядравыя бомбы для авіяцыі. Усё гэта можа даваць Лукашэнку адчуванне абароненасці.

Аналітыка
Вучэнні супраць вучэнняў. Што адбываецца і ці ёсць небяспека?
2024.03.14 15:00

Да чаго гатовае беларускае войска

Ваенны эксперт адзначыў, што, чакаючы верагоднага нападу ўзброенай апазіцыі, ваенна-палітычнае кіраўніцтва беларускага рэжыму прыкрывае межы не толькі падраздзяленнямі памежных войскаў, але і падраздзяленнямі МУС, КДБ і Узброеных сілаў. Але галоўны інструмент – гэта найперш Сілы спецыяльных аперацыяў, якія цягам гадзіны могуць быць прыведзеныя ў гатовасць і вырушыць на напрамкі, дзе бачыцца пагроза, каб закрыць гэты раён мяжы і весці баі да той пары, пакуль не падыдуць асноўныя часткі Узброеных сілаў Беларусі.

Менавіта на сілы спецаперацый робіцца асноўная стаўка, іх трэніравалі байцы ПВК Вагнэра. Цалкам магчыма, лічыць эксперт, з гэтай прыватнай расейскай кампаніі частка афіцэраў і камандзіраў увайшлі ў склад беларусках сілаў спецаперацый у якасці інструктараў.

Што ж датычыцца поўнамаштабных дзеянняў, то апошнім часам праводзяцца зборы мотастралковых брыгад з прыцягненнем прыпіснога саставу, які разгортваецца да штатаў ваеннага часу. Паралельна з гэтым з часовага захоўвання здымаецца тэхніка, і гэта вельмі важна, бо, напрыклад, за савецкім часам гэты працэс меў шмат праблем: частка тэхнікі, якая знаходзілася на захоўванні, была ў непрыдатным стане. Верагодна, зараз Лукашэнка аддаў загад аб тым, каб правесці рэвізію ўсяго, праверыць усё ўзбраенне і тэхніку, усё прывесці ў стан боегатовасці.

Аляксандр Лукашэнка
Аляксандр Лукашэнка падчас візіту на мяжу з Літвой. Ашмянскі раён, Беларусь. 26 сакавіка 2024 года.
Фота: president.gov.by

Валер Карбалевіч пры гэтым адзначае, што аб’ектыўна пра стан боегатовасці беларускага войска сёння ніхто сказаць нічога не можа, таму што баяздольнасць любога войска ацэньваецца толькі падчас вайны – як якасць спартоўцаў можна вызначыць падчас спаборніцтваў. Хіба можна рабіць нейкія ацэнкі на падставе колькасці зброі, якая маецца ў распараджэнні Узброеных сілаў, але гэта ўжо тонкая тэхнічная інфармацыя.

Ці рыхтуецца беларуская армія да нападу?

Адказваючы на пытанне, як можна ахарактарызаваць зброю, якой валодае Беларусь – як наступальную ці абарончую, вайсковы эксперт падкрэсліў, што сёння цяжка вызначыць, якая зброя можа лічыцца чыста наступальнай або чыста абарончай. На ягоную думку, як танкі, так і ўся артылерыя, ракетныя комплексы могуць выкарыстоўвацца як для падрыхтоўкі наступу, так і для адбіцця атакі.

«Але я ўсё ж думаю, што з улікам ступені ўзброенасці суседніх краін NATO, цяперашняга парку ваеннай тэхнікі і ўзбраення Беларусі будзе недастаткова для вядзення наступальных ваенных дзеянняў. Для гэтага армію Беларусі трэба было б разгарнуць да штатаў ваеннага часу…

Я думаю, калі б Беларусь рыхтавалася да наступальных дзеянняў, то хаця б тысяч 150–200 чалавек трэба было б прызваць і… тэхнікі хаця б у два-тры разы больш, чым маецца зараз», – кажа вайсковы эксперт.

Заява Сахашчыка – элемент інфармацыйнай вайны

У гэтым святле мы пацікавіліся ў нашых суразмоўцаў тым, як бы яны ацанілі заявы Валерыя Сахашчыка пра тое, што Расея і Беларусь рыхтуюць планы выкарыстання ядравай зброі і «нейкага бліцкрыгу на Вільню».

На думку ваеннага эксперта, заява Сахашчыка адносіцца да вядзення інфармацыйнай вайны: яе верагодная мэта – пасеяць няўпэўненасць сярод беларускіх грамадзянаў, так і часткі беларускай эліты ў тым, «што беларуская ўлада будзе прытрымлівацца мірнай палітыкі».

«Я думаю, гэта менавіта для таго, каб разбудзіць і ўзмацніць пратэсныя, нейкія антываенныя настроі ў нашай краіне. На самай жа справе, канечне, зараз не бачна такога ўдарнага кулака, які мог бы напасці на суседнія дзяржавы», – адзначыў эксперт.

Калі б такое адбылося, падкрэслівае эксперт, то гэта аўтаматычна справакавала б канфлікт з блокам NATO, бо Літва ўваходзіць у Альянс. Далей – прывяло б да вайны, спачатку звычайнай канвенцыйнай зброяй, пасля, цалкам магчыма, тактычнай ядравай зброяй, а далей ужо і стратэгічнай. На думку эксперта, ніводны з бакоў не хоча такога развіцця падзей.

«Ну і Расея не зацікаўленая ў тым, каб ейны фронт яшчэ павялічыўся на сотні кіламетраў. Ёй пакуль з цяжкасцю ўдаецца ва Украіне праломваць абарону ўкраінскіх войскаў, а калі дадасца яшчэ і вайна з NATO, то і ў Расеі сіл не хопіць, нягледзячы на ўсе намаганні Расейскай Федэрацыі», – кажа эксперт.

Падобнага меркавання прытрымліваецца і палітычны аглядальнік Валер Карбалевіч, на ягоную думку, Лукашэнка не жадае ўступлення ў вайну. Калі б яму была патрэбная вайна, то беларускія войскі ўжо ваявалі б ва Украіне, але ён разумее настроі грамадства, сілавікоў. Таму сам Лукашэнка не адважыцца на абвастрэнне.

У сувязі з гэтым, падкрэслівае Карбалевіч, любыя вайсковыя дзеянні з тэрыторыі Беларусі магчымыя толькі пры ўдзеле Расеі. Але ці патрэбна гэта Расеі? На думку палітычнага аглядальніка, пакуль яна не вырашыць «украінскую праблему», адкрываць нейкі другі фронт супраць Літвы ці Польшчы, а фактычна супраць NATO, гэта нерацыянальна, і ў Расеі проста няма сіл і рэсурсаў, каб ваяваць на два франты.

Hавiны
Лукашэнка захваляваўся пра Пабрадзе: «Парушылі дзяржаўную мяжу – да знішчэння»
2024.03.26 12:29

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў