Жыхара Шчучына затрымалі за каментары пра тэракт у «Крокус Сіці Холе»


Сілавікі затрымалі жыхара Шчучына, які «здзекаваўся з трагедыі, што адбылася ў Расеі». Пра гэта паведамляюць тэлеграм-каналы, набліжаныя да сілавікоў.

Затрыманне жыхара Шчучына.
Крыніца: «Вясна / Правы чалавека ў Беларусі» / Telegram

На відэа, якое знялі сілавікі, хлопец кажа, што пакідаў каментары таму, што не падтрымлівае вайны Расеі супраць Украіны. У паведамленні сілавікоў дадаецца, што шчучынец нібыта «займаўся экстрэмісцкай дзейнасцю».

Таксама на відэа бачна, як сілавікі ўрываюцца ў кватэру з напужанай пажылой жанчынай і хлопцам.

Тэракт у маскоўскай канцэртнай залі «Крокус Сіці Хол» адбыўся 22 сакавіка. На вечар 25 сакавіка ў спісе загінулых 139 чалавек. З іх 40 памерлі ад агнястрэльных раненняў, двое – ад спалучэння агнястрэльных і колата-рэзаных ранаў, 45 – у выніку пажару. Прычыны смерці астатніх не абвешчаныя. Раненні і траўмы атрымалі мінімум 182 асобы.

Сярод загінулых грамадзянка Беларусі 1978 года нараджэння. Таксама, імаверна, загінуў ахоўнік «Крокус Сіці Хол» з Баранавічаў Вадзім Аляксандравіч Кулік 1981 года нараджэння.

Адказнасць за тэракт узяла на сябе тэрарыстычная арганізацыя «Ісламская дзяржава». ФСБ Расеі заяўляе, што за тэрактам стаяць ЗША, Вялікая Брытанія і Украіна. Украінскія ўлады адмаўляюць датычнасць да тэракту.

Выведкі ЗША і іншых краінаў папярэджвалі сваіх грамадзянаў у Расеі пра імавернасць тэрактаў за два тыдні да трагедыі 22 сакавіка.

Hавiны
У Расеі заявілі пра затрыманне падазраваных у тэракце ў «Крокус Сіці Хол»
2024.03.23 11:05

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў