Былога інжынера «Атланта» асудзілі на 45 дзён арышту за «непадпарадкаванне»


Служба бяспекі заводу перадала мужчыну супрацоўнікам КДБ. Выпадкі «непадпарадкавання» нібыта адбываліся на тэрыторыі РУУС. Мужчына адмаўляе віну.

Суддзя Вікторыя Шабуня.
Фота: naviny.by

44-гадовы інжынер-канструктар Дзяніс Гараймовіч трэці раз запар быў асуджаны на 15 дзён арышту за «Непадпарадкаванне службовай асобе» (арт. 24.3 КаАП РБ), пішуць праваабаронцы на канале «Вясна назірае».

Першы раз яго затрымалі 23 верасня проста на заводзе «Атлант», дзе ён працаваў. Гараймовіча звольнілі ў дзень затрымання, дома ў яго правялі ператрус.

Два разы суддзя Дзмітрый Карасюк выпісваў мужчыну арышт за «непадпарадкаванне». Першы раз за тое, што ён нібыта «адмовіўся выйсці з машыны, упіраўся, чапляўся за адзенне» на тэрыторыі Цэнтральнага РУУС Менску, куды яго даставілі «паводле падазрэння ва ўдзеле ў масавых мерапрыемствах». Суддзя адмовіўся выклікаць сведак і паглядзець відэа з камераў назірання.

Пасля першага арышту Гараймовіч не выйшаў на волю, яго зноў асудзілі за «непадпарадкаванне», але падрабязнасцей суду не прыводзяць.

Трэці раз суддзя Вікторыя Шабуня асудзіла Гараймовіча за «непадпарадкаванне» 25 кастрычніка.

Па словах міліцыянта на судзе, Гараймовіча з ЦІПа на Акрэсціна павезлі зноў у РУУС, бо яго «падазравалі ў захоўванні экстрэмісцкіх матэрыялаў». На тэрыторыі ўпраўлення ён ужо трэці раз аказаў непадпарадкаванне міліцыянтам, адмовіўшыся прасці ў будынак.

Сам Гараймовіч казаў, што калі яго вывелі з камеры на Акрэсціна, яго сустрэлі невядомыя мужчына і жанчына, каб адвезці ў РУУС. Яму надзелі кайданкі і пасадзілі ў прыватны аўтамабіль. Па прыбыцці ў РУУС яму нават дазволілі папаліць і знялі кайданкі.

Hавiны
Сужэнцаў восьмы раз запар пакаралі «соднямі» за перасланыя адзін аднаму навіны
2021.10.21 19:24

АА belsat.eu

Стужка навінаў