Лукашэнка заявіў, што «і далей хоча быць прэзідэнтам», і даручыў даказаць, што «лепшых за нас не будзе»


Падчас кадравых прызначэнняў 4 студзеня Лукашэнка зрабіў некалькі гучных заяваў. Ён сказаў, што «і далей хоча быць прэзідэнтам», а новаму міністру эканомікі даручыў даказаць беларусам, што «лепшых за нас не будзе». Самаабвешчанага кіраўніка дзяржавы цытуе БелТА.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Банер з партрэтам Аляксандра Лукашэнкі ў вайсковай форме на базе 38-й асобнай гвардзейскай дэсантна-штурмавой брыгады спецыяльнага прызначэння Збройных сілаў Беларусі ў Берасце, Беларусь. 13 лютага 2023 года.
Фота: Natalia Kolesnikova / AFP / East News

Аляксандр Лукашэнка прызначыў міністрам эканомікі 44-гадовага Юрыя Чабатара, які перад тым займаў пасаду першага намесніка міністра. Палітык сказаў, што незадаволены працаю ведамства, і даручыў новаму кіраўніку нічога не прыхарошваць і не хлусіць. Са словаў Лукашэнкі вынікае, што адыходзіць ад улады ён не плануе:

«Лёгка не будзе. Будзе цяжка, асабліва сёлета. Не таму, што цяперашні прэзідэнт хоча быць і далей прэзідэнтам. Не таму, што нехта чагосьці хоча. Мы проста людзям мусім яшчэ раз даказаць, што мы сумленна, шчыра працавалі гэтыя гады. Ну а калі атрымаецца – пераканаць людзей у тым, што лепшых за нас не будзе. Кажу адкрытым тэкстам на пачатку года. І вашае міністэрства мусіць адыграць тут істотную ролю».

Самаабвешчаны кіраўнік Беларусі таксама заявіў, што будзе «казаць усё сумленна і шчыра, каб нас пад чарговыя прэзідэнцкія выбары праз год не папракалі, што мы там недзе круцілі, няпраўду казалі і ўвогуле ўлада наша ні да чаго не прыдатная, як цяпер ужо пачынаюць гэта раскручваць».

Пазней Чабатар назваў адной з галоўных задачаў Мінэканомікі развіццё інвестыцыйнага цыклу.

«Закуп абсталявання і інвеставанне ў абсталяванне сягае 140–150 %. То бок прадпрыемствы, наш рэальны сектар, сапраўды абнаўляюцца. А гэта – новыя вытворчасці, новыя працоўныя месцы, адпаведна, экспарт і развіццё тэхналогіяў», – сказаў новы лукашэнкаўскі міністр.

Абноўлена
Лукашэнка прызначыў новага міністра эканомікі
2024.01.04 13:13

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў