Паліне Шарэндзе-Панасюк дадалі яшчэ год калоніі


Палітзняволенай Паліне Шарэндзе-Панасюк дадалі яшчэ год калоніі да асноўнага тэрміну.

Такое рашэнне 7 красавіка прыняў «суддзя» суда Чыгуначнага раёну Гомля Мікалай Крупадзёраў. Жанчыну судзілі ў закрытым рэжыме за быццам бы парушэнне ч. 2 арт. 411 КК («Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы»).

Паліна Шарэнда-Панасюк (у цэнтры) на мітынгу ў падтрыманне кандыдаткі на прэзідэнцтва Святланы Ціханоўскай у Бярозе, Беларусь. 2 жніўня 2020 года.
Фота: 1reg.by

«Сёння стала вядома, што тэрмін зняволення Паліны перавысіць 3 гады. Фактычна толькі праз 1,5 года мая жонка можа выйсці на волю, калі, вядома, супраць яе не завядуць новай крымінальнай справы. На судзе Паліна паводзілася вельмі годна, яна ведае, якая сітуацыя цяпер у краіне. Калі раней над калоніяй летакі праляталі кожную гадзіну, то цяпер зусім не лятаюць. Паліна разумее, што Украіна перамагае, час дыктатараў сыходзіць, і наша агульная перамога блізкая», – сказаў у размове з «Белсатам» муж Паліны Андрэй Шарэнда.

У няволі Паліна застаецца ўжо больш за год. Яшчэ летась «суддзя» Яўген Брэган прысудзіў Паліне 2 гады зняволення паводле 3 артыкулаў Крымінальнага кодэксу: арт. 368 («Абраза прэзідэнта»), арт. 369 («Абраза прадстаўніка ўлады») і арт. 364 («Гвалт або пагроза гвалту ў дачыненні супрацоўніка органаў унутраных справаў»).

Са жніўня 2021 года Паліна ўтрымліваецца ў жаночай калоніі Гомля, дзе зазнала ўсе магчымыя варыянты ціску. Жанчыну доўга трымалі ў карцары, яе пазбавілі сустрэчаў і перадачаў, якіх нельга пазбавіць паводле закону, да яе не пускалі адваката, але так і не змаглі зламаць. Паліна працягвае лічыць сябе захопленай у палон.

Супраць Андрэя Шарэнды таксама завялі некалькі крымінальных справаў, але яму ўдалося збегчы з Беларусі. Сям’ю пазбавілі арэндавага жытла.

Hавiны
Цэлы год у палоне: роўна год таму маці дваіх дзяцей Паліну Шарэнду-Панасюк выкралі з дому
2022.01.03 15:11

АЛ belsat.eu

Стужка навінаў