Палітвязня Ціхана Восіпава, асуджанага на 11 гадоў калоніі, судзілі другі раз


Палітвязню Ціхану Восіпаву, якога леташнім траўнем асудзілі на 11 гадоў калоніі, прызначылі яшчэ 7 месяцаў зняволення паводле новай крымінальнай справы, паведамляюць праваабаронцы.

Таксама яму змянілі рэжым з узмоцненага на строгі.

Інжынер БНТУ Ціхан Восіпаў у зале суда 27 красавіка 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

Другі раз Восіпава асудзілі паводле ч. 2 арт. 411 КК («Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы»).

Судовае пасяджэнне адбылося 25 сакавіка ў калоніі № 15 і заняло толькі некалькі гадзінаў. На працэс не змаглі трапіць родныя палітзняволенага: ні жонка Ціхана, ні ягоныя бацькі – таму падрабязнасці працэсу невядомыя. Справу разглядала суддзя Кастрычніцкага раёну Магілёва Наталля Крашкіна.

Пра новую крымінальную справу не паведамілі ні жонцы Вользе Восіпавай, ні нават адвакатцы.

За кратамі палітвязень утрымліваецца больш за 1,5 года, а за 7 месяцаў у калоніі яго ўжо двойчы каралі соднямі ў ШІЗА і два разы змяшчалі ў ПКТ. Апошні раз у памяшканне камернага тыпу яго адправілі на 4 месяцы, дзе ён мусіў быць да 14 красавіка. Акрамя гэтага, яго пазбавілі перадачаў і спатканняў, а заказныя лісты адміністрацыя калоніі знішчае.

Артыкулы
Як ціснуць на 25-гадовага Ціхана Восіпава, якому прысудзілі 11 гадоў калоніі
2021.09.27 17:09

Першы раз Ціхана Восіпава асудзілі ў траўні мінулага года на 11 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму за нібыта наезд на пяцярых вайскоўцаў падчас пратэстаў у жніўні 2020 года, удзел у масавых беспарадках, а таксама за ілжывы данос. Тады пасля ДТЗ ён заехаў на машыне ў вадаём, пакінуў яе там і заявіў пра згон.

Гісторыі
«Не ведаю ніводнага выпадку, каб ён з кімсьці пабіўся». Гісторыя Ціхана Восіпава, якога абвінавацілі ў наўмысным наездзе на сілавікоў
2021.05.28 09:00

АД belsat.eu

Стужка навінаў