Прапаганда пераключае ўвагу з прыходу баявікоў Прыгожына ў Беларусь і зноў пужае Захадам?  


25 чэрвеня на канале «Беларусь-1» выйшаў сюжэт пра тое, што Захад рыхтуе ў нашай краіне ўзброены захоп улады. Гэта адбываецца на фоне абмеркавання таго, што ў Беларусь едзе шматтысячнае войска ўзброеных баявікоў Яўгенія Прыгожына, якія яшчэ нядаўна былі на перадавой і толькі-толькі спынілі мяцежны наступ на Маскву. З якой мэтай прапагандысты даюць такія наратывы, ці не ёсць гэта спробай пераключыць увагу аўдыторыі, каб заспакоіць яе? Аб гэтым «Белсат» пагутарыў з аналітыкам праекта Media IQ Паўлюком Быкоўскім.

Аляксандр Лукашэнка на нарадзе ў пытаннях вайсковай бяспекі. 29 лістапада 2021 года.
Фота: president.gov.by

Прапаганда працуе па інерцыі

На думку Паўлюка Быкоўскага, прапаганда дзейнічае інерцыйна і распрацоўвае тэмы, якія ім далі раней. Таму зараз атрымліваецца забаўная сітуацыя: тыя, хто не давёў да канца мяцеж у Расеі, прыязджаюць у Беларусь, а беларускія ўлады у той жа час расказваюць, што ёсць нехта іншы, хто рыхтуе захоп улады ў краіне.

Пры гэтым для прапаганды не з’яўляецца праблемай тое, што некаторыя факты забываюцца: так, 33 вагнэраўцаў шукаюць у беларускіх лясах яшчэ з 2020 года, і паведамленняў, што іх знайшлі, не было. Але паколькі дзяржаўная прапаганда працуе на аўдыторыю, у якой няма доступу да альтэрнатыўных каналаў інфармацыі, то ніхто быццам бы і не будзе задаваць нейкіх пытанняў.

У прапаганды ёсць сталыя тэмы для адпрацоўкі

Паўлюк Быкоўскі не лічыць, што наратыў пра захоп улады ў Беларусі заходнімі краінамі з’яўляецца спробай заспакоіць людзей ці жаданнем пераключыць іхную ўвагу з прыходу вагнэраўцаў на нешта іншае.

Займаючыся адсочваннем розных наратываў прапаганды, праект Media IQ бачыць, што існуюць сталыя тэмы, якія адпрацоўваюць беларускія прапагандысты. Такой, напрыклад, з’яўляецца тэма барацьбы супраць палка Каліноўскага: яна была, ёсць і, хутчэй за ўсё, будзе адпрацоўвацца і надалей.

Іншая справа, што часам сцвярджаецца, што за палком стаіць калектыўны Захад, або Польшча, або ЗША. То бок ёсць аб’ект, негатыўна пададзены ў беларускай прапагандзе, а вось яго «гаспадары» могуць мяняцца. Сам жа полк Каліноўскага пазбаўлены суб’ектнасці ў вачах прапагандыстаў, ягоныя байцы не могуць прымаць ніякіх рашэнняў.

Нашы гарматы – добрыя, чужыя – кепскія

Пры гэтым Паўлюк Быкоўскі падкрэслівае, што праўладныя СМІ выкарыстоўваюць наўмысныя маніпуляцыі. Напрыклад, стары прыём ваеннай прапаганды: «нашы гарматы – добрыя, чужыя гарматы – кепскія». Так, калі гаворка вялася пра вучэнні на тэрыторыі Беларусі, то нашы вучэнні былі добрымі, а вучэнні краін НАТА па іншы бок мяжы, нават калі яны мелі ідэнтычны характар, – кепскімі і вельмі павышалі ўзровень агрэсіўнасці ў нашым рэгіёне. Гэта маніпуляцыя, кажа эксперт. Але як паказваюць даследаванні, калі ёсць манаполія на каналы камунікацыі і магчымасць абмежаваць распаўсюд іншай інфармацыі, то гэтая маніпуляцыя працуе на пэўную частку аўдыторыі.

Пры гэтым, адзначае Быкоўскі, з улікам наяўнасці інтэрнэту і магчымасцяў выехаць за мяжу, сама па сабе інфармацыя становіцца даступнай, а значыць, тыя, хто хоча пачуць і параўнаць наратывы, маюць такую магчымасць.

Два розныя наратывы пра полк Каліноўскага

Мы пацікавіліся ў эксперта, як разглядае беларускі рэжым заявы самога палка Каліноўскага пра гатоўнасць са зброяй у руках вызваляць Беларусь: падае гэта як сур’ёзную пагрозу ці спрабуе прынізіць у інфармацыйнай прасторы рэпутацыю беларускіх добраахвотнікаў?

Паўлюк Быкоўскі лічыць, што некаторыя зацікаўленыя асобы з боку беларускага кіраўніцтва і сілавых структур кажуць, што ўспрымаюць выказванні прадстаўнікоў палка Каліноўскага усур’ёз і выстаўляюць полк як нейкі жупел, які пагражае Беларусі – а значыць, трэба ўзмацняць ролю сілавікоў і фінансаваць дзеянні па абароне Беларусі ад магчымых нападаў. У той жа час іншыя прадстаўнікі рэжыму гавораць, што ніякага палка фактычна не існуе, а значыць, і ніякага нападу чакаць не трэба.

Ваяры атраду «Атам».
Фота: полк імя Кастуся Каліноўскага / Telegram

Гэтая інфармацыя ідзе па розных каналах: па больш шырокім канале, накіраваным на сталую аўдыторыю, лаяльную да Аляксандра Лукашэнкі, кажуць пра вялікую пагрозу. Але там дзе ёсць нейкая імітацыя дыялогу і інтэлектуальных абмеркаванняў, там зняпраўджваюць магчымасць ажыццяўлення сілавых дзеянняў.

Пужалкі ядравай зброяй

Што датычыцца наратыва пра размяшчэнне ядравай зброі ў Беларусі, то Быкоўскі лічыць, што прапаганда сутыкаецца з пэўнай праблемай. З аднаго боку, прапагандысты хочуць сказаць, што Беларусь – донар стабільнасці і міра ў рэгіёне і што Аляксандр Лукашэнка патрабуе знішчыць ледзь не ўсю ядравую зброю ў свеце. А з другога боку, прасоўваецца наратыў (у прыватнасці, з вуснаў міністра абароны Хрэніна), што трэба размясціць у Беларусі нават не тактычную, а стратэгічную ядравую зброю. Але што ў выніку застаецца ў галовах у людзей – сказаць складана. На думку Быкоўскага, гэта можа выклікаць у іх большую трывожнасць.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў