Супрацоўнік ДАІ прыгразіў гомельскаму правакатару Яўгену Катлярову судом за непадпарадкаванне


Гомельскі правакатар Яўген Катляроў, які перыядычна ўкідвае фэйкавыя навіны медыям, вядомы як Яўген Какойта, 24 траўня апублікаваў у Youtube відэа, на якім яго затрымлівае міліцыя, а таксама распавёў пра здарэнне на сваёй старонцы ў Фэйсбуку. Катляроў паскардзіўся на супрацоўніка ДАІ, які прымяніў сілу ў дачыненні да яго і ягонага сябра, піша гомельскае выданне «Флагшток».

Катляроў распыляе слезацечны газ у твары пацярпелых у ДТЗ.
Фота: скрыншот з відэа, знятага на аўтамабільны відэарэгістратар/Флагшток

Відэазапіс быў выдалены неўзабаве пасля публікацыі, аднак «Флагшток» паспеў захаваць яго. На відэа Катляроў паказвае запіс з відэарэгістратара, усталяванага ў ягоным аўтамабілі. «Флагшток» звяртае ўвагу, што на роліку няправільная дата, а надвор’е і машкара ўказваюць на тое, што запіс мог быць зроблены 22 траўня – менавіта ў той дзень фрагмент відэа з’явіўся ў гомельскім аўтамабільным чаце.

Паводле Катлярова, у дзень інцыдэнту ён са сваімі знаёмымі прыехаў на месца ДТЗ на трасе М-8 недалёка ад вёскі Сасноўка пад Гомлем. Спачатку Катляроў пагутарыў з віноўнікам ДТЗ – кіроўцам грузавіка, потым пад’ехаў да пацярпелых і хацеў паразмаўляць з імі. Тыя прынялі яго за віноўніка ДТЗ. У той момант пад’ехаў нарад ДПС ДАІ АУС Гомельскага раёну. Тады і завязалася патасоўка. Адізн з пацярпелых у ДТЗ рэзкім рухам рукі напужаў Катлярова, той паспрабаваў яго ўдарыць, але не атрымалася. Тады ён дастаў балончык і пачаў распыляць слезацечны газ у твары двух мужчын.

У адказ на гэтыя дзеянні міліцыянт ДПС паклаў Катлярова на зямлю, другі міліцыянт зрабіў тое самае з сябрам Катлярова Рыгорам.

Сябар Катлярова Рыгор са зламанай рукой.
Фота: Яўген Какойта/Facebook

Паводле Катлярова, у міліцыянта не аказалася кайданкоў, і ён пакінуў аднаго з пацярпелых ахоўваць Рыгора. Падчас гэтага ўтрымання ў Рыгора былі раздробленыя косці рукі. Каб гэта пацвердзіць, Катляроў размясціў фотаздымкі свайго сябра з лякарні з траўмаванай рукой.

«Вось гэта супрацоўнік ДАІ практыкуецца на чалавеку са зламанай рукой», – каментуе затрыманне сябра Катляроў. – <…>  Хачу падкрэсліць «найвышэйшую» кваліфікацыю нашых двух гомельскіх даішнікаў з Гомель-сельскага, так званага…. Прафесіяналізм нашых даішнікаў і ўпёртасць – во!».

Таксама Катляроў паведаміў, што міліцыянт хоча прыцягнуць яго да адказнасці за непадпарадкаванне. Як доказ ён прывёў запіс размовы з супрацоўнікам ДАІ.

«Вы можаце мяне чапляць, толькі ў судзе мы спаткаемся з вамі. Вы гэта разумееце самі. Я маю права сам сустрэчны пазоў напісаць на вас. …На што? Па-першае, за непадпарадкаванне», – кажа супрацоўнік ДАІ Катлярову ў тэлефоннай размове.

Пост, які з’явіўся на старонцы Яўгена Катлярова ў Фэйсбуку замест выдаленага аповеду пра інцыдэнт з міліцыяй.
Фота: Яўген Какойта/Facebook

Публікацыю пра здарэнне ў Фэйсбуку Катляроў выдаліў. Замест з’явіўся пост з тэкстам: «Мы яшчэ пажывем на волі!)) ІЧУ адмянілі. Дзякуй тым, хто дапамог!)) Яны зразумеюць!)».

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў