Штогод у Беларусі мінімальна 12 тысячаў асобаў зазнаюць хатні гвалт. Дзе шукаць дапамогі?


У міністэрстве працы і сацыяльнай абароны кажуць, што ў Беларусі штогод ад хатняга гвалту пакутуюць болей за 12 тысячаў асобаў, 90% з іх – жанчыны. Сапраўдная лічба ахвяраў куды большая, бо чыноўнікі кажуць толькі пра тых, хто звярнуўся ў цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Чаму пацярпелыя хаваюць выпадкі гвалту і куды бегчы па дапамогу?

Марш памяці згвалтаванай і забітай беларускі Лізы ў Варшаве. Варшава, Польшча. 6 сакавіка 2024 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Галасы супраць катаванняў пачалі гучаць больш выразна пасля згвалтавання і забойства ў цэнтры Варшавы беларускі Лізаветы. Фемактывісткі зладзілі ў польскай сталіцы марш, а ў сацсетках цяпер публікуюць асабістыя гісторыі пад гэштэгам #хопіцьгвалціць.

Алею ў агонь падлілі абвінавачванні на адрас журналіста Змітра Панкаўца з боку ягонай былой жонкі. Ганна Клімовіч згадала некалькі выпадкаў, што здарыліся яшчэ ў Беларусі, апавяла, як хлусіла ў лякарні, кажучы, што ўдарылася сама, як суседзі ў менскім Сухараве не выклікалі міліцыю, калі яна крыкам прасіла гэта зрабіць.

Зрэшты, спадар Зміцер абвінавачванні адхіляе, сцвярджаючы, што «гэта поўны паклёп і хлусня, які прыпраўлены толікай праўды».

Абноўлена
«Страсенне мазгоў, сінякі, звешванне з балкона». Беларускага журналіста абвінавацілі ў гвалце
2024.03.09 17:50

Хатні гвалт застаецца надзвычай латэнтнаю з’яваю. Галоўная парада, якую даюць адмыслоўцы ахвярам гвалту, – не маўчаць. Аднак мала хто наважваецца не тое, каб напісаць пра гэта ў сацсетках, але і звярнуцца па дапамогу да адмыслоўцаў або міліцыі.

«Сорам, усе гэтыя культурныя ўстаноўкі, у якіх шмат каго з нас гадавалі і якія кажуць: не трэба выносіць смецце з хаты, трэба падумаць, а ў чым ты вінаватая. Гэтыя змяшаныя пачуцці ўнутры, памножаныя на страх, што людзі побач не павераць. І другое – дзяржаўная практыка адмаўлення гэтай праблемы. Жанчыны не беспадстаўна думаюць, што міліцыя ім не дапаможа», – тлумачыць «Белсату» журналістка і фемактывістка Наста Захарэвіч.

Міліцыя глядзіць на хатні гвалт праз прызму Крымінальнага кодэксу і Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэннях, дзе маюцца артыкулы пра прычыненне цялесных пашкоджанняў, катаванне, абразу. Ні ў адным кодэксе нічога няма пра знявагу, забарону на сустрэчы з сябрамі або патрабаванне адсправаздачыцца за кожную пакупку – а гэта таксама гвалт.

Каментар
Фемактывістка: высокія пазіцыі Беларусі ў Індэксе гендарнай роўнасці – гэта бутафорыя
2024.03.08 19:46

«Мы ведаем безліч прыкладаў, калі міліцыя пытае: а ён яе шмат б’е ці як усіх? А гэта часта бывае, ці як ува ўсіх?» – згадвае актывістка.

Яна адзначае: часта катам даюць штраф або арышт – і яны вяртаюцца дадому.

«Штраф будуць плаціць з сямейнага бюджэту. Агрэсар не будзе сябе ўшчамляць. Гэта як у анекдоце: “Тата, ты будзеш менш піць?” – “Не, сынок, ты будзеш менш есці”. У выніку ахвяру будуць збіваць яшчэ больш», – кажа Захарэвіч.

Да таго ж, калі выклікаць міліцыю, паўстане пытанне пра прызнанне сям’і сацыяльна небяспечнаю (гэтак званы СОП).

«Для шмат якіх маці гэта таксама аргумент. Яна лепш будзе цярпець. І гэта мы не кажам пра ўзровень даверу да міліцыі пасля 2020 года. Атрымліваецца такі ціск з усіх бакоў», – падкрэсліла суразмоўніца «Белсату».

Яна назвала важным заканадаўства аб перадухіленні хатняга гвалту – дзяржава мусіць прызнаць, што гэта асобная праблема, да якой патрэбны асобны падыход.

Выява мае ілюстрацыйны характар.
Крыніца: Freepik

«Заканадаўства пра хатні гвалт, якога няма ў Беларусі, улічвае ўсю спецыфіку гэтай з’явы. Вялікая роля такога заканадаўства – прафілактыка. У Беларусі застаецца цяпер толькі асветніцтва, падтрымка людзей, каб ім было куды сыходзіць, каб было блізкае кола, якое падтрымае і не скажа: “Ну пацярпі, ён зменіцца”», – канстатавала актывістка.

Наста Захарэвіч скептычна ставіцца да гэтак званых крызісных пакояў (пра іх – ніжэй) у цэнтрах сацыяльнага абслугоўвання сям’і і дзяцей, называе ініцыятыву прафанацыяй і фармальнасцю:

«Як і іншыя дзяржаўныя інстытуцыі, гэта працуе найперш дзеля таго, каб фармальна выканаць паказнікі, дзеля статыстыкі. У гэтых пакоях небяспечна, быў выпадак, калі агрэсар туды трапіў, і міліцыя не абараніла».

Суразмоўніца «Белсату» абураецца, што персанал гэтых цэнтраў некваліфікаваны:

«Там цэлая камісія, якая пастанаўляе, ці варта жанчыну туды засяляць, гэта таксама можа быць такі прыніжальны момант. Людзі, якія там працуюць, часта профнепрыдатныя, у іх няма экспертызы. Гэта псіхолагі, якія будуць жанчыне казаць, што яна сама вінаватая».

Разбор
«Мы ходзім з ключамі ў руках уначы, не заходзім у ліфт, калі там мужчына». Як спыніць гвалт?
2024.03.04 18:22

У былыя часы ў Беларусі працавала агульнанацыянальная гарачая лінія для ахвяраў хатняга гвалту, улады планавалі, што тэлефон будзе даступны мінімальна да 2025 года. Функцыянаваў нумар пры дапамозе некамерцыйнай арганізацыі «Гендарныя перспектывы». Улады знішчылі яе ў 2021 годзе, і лінія цяпер не працуе.

Дзяржава прапануе такія опцыі для ахвяраў хатняга гвалту:

  • асабісты зварот у цэнтры сацыяльнага абслугоўвання сям’і і дзяцей. Такія ўстановы маюцца ў кожным раёне, там дапамогуць псіхолагі і педагогі. У некаторых цэнтрах прапануюць бясплатна пажыць у крызісных пакоях. Цяпер у Беларусі іх 134;
  • кругласутачная крызісная лінія Менскага гарадскога цэнтру сацыяльнага абслугоўвання сям’і і дзяцей +375 (29) 367-32-32;
  • Telegram-бот «NetНасилию.BY», які адкажа на пытанні кшталту «Дзе атрымаць дапамогу і часовы прытулак?», «Што рабіць, калі стаў сведкам гвалту або пакутуюць блізкія?»;
  • дакументальная фіксацыя ў шпіталі наступстваў збіцця;
  • зварот у міліцыю;
  • зварот у грамадскія або рэлігійныя арганізацыі.

У Беларусі пасля 2020 года арганізацыяў, што дапамагаюць ахвярам, істотна паменела. НКА пайшлі пад нож на хвалі фактычнай ліквідацыі трэцяга сектару. У прыватнасці, у верасні 2021 года была зліквідаваная арганізацыя «Гендарныя перспектывы», у сакавіку 2022 года – «Радзіслава».

Выява мае ілюстрацыйны характар.
Крыніца: Freepik

Адмыслоўцы Беларускай асацыяцыі дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам падрыхтавалі брашуру, у якой падрабязна і простай моваю тлумачыцца, які бывае гвалт і як ратавацца.

Акрамя таго, працуюць тэлефоны, дзе можна кругласутачна атрымаць тэрміновую псіхалагічную дапамогу (і не толькі ахвяры гвалту):

  • Берасце і вобласць

    8 (0162) 25-57-27
  • Віцебск і вобласць

    8 (0212) 61-60-60
  • Гомель і вобласць

    8 (0232) 31-51-61
  • Горадня і вобласць

    170

    8 (0152) 39-83-31

    8 (0152) 39-83-28
  • Менск

    8 (017) 352-4444

    8 (017) 304-43-70
  • Менская вобласць

    8 (017) 270-24-01

    8 (017) 899-04-01
  • Магілёў і вобласць

    8 (0222) 71-11-61
  • Для дзяцей і падлеткаў: 8 (801) 100-16-11, 8 (017) 263-03-03

Таксама працуюць беларускія ініцыятывы дапамогі ахвярам хатняга гвалту:

  • «Яна ёй» – псіхалагічная дапамога жанчынам з Беларусі;
  • Tbilisi Shelter city супольна з Free Belarus Center прапаноўваюць бясплатную псіхалагічную дапамогу для беларусаў;
  • Сэрвіс «еЗдоровье» – онлайн-дапамога псіхолагаў, псіхатэрапеўтаў;
  • «Алівія» – бясплатная інфармацыйная, псіхалагічная, прававая дапамога беларускім жанчынам, якія пацярпелі ад хатняга гвалту. Служба дапамагае жанчынам, якія жывуць у Беларусі, Грузіі, Літве, Украіне і Польшчы.
Разбор
«Эміграцыя і рэпрэсіі могуць стаць дадатковымі трыгерамі». Як за мяжою даць рады хатняму гвалту?
2024.01.19 07:14

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў