ЗСУ паспяхова контратакуюць каля Аўдзееўкі. Што вядома?


«Белсат» падводзіць вынікі 747-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 11 сакавіка чытайце ў нашым аглядзе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскія танкісты рыхтуюцца да бою ў напрамку Лімана, Данецкая вобласць, Украіна. 9 сакавіка 2024 года.
Фота: Jose Colon / Anadolu Press / Abaca Press / Forum

Купянскі і ліманскі кірункі (паўночна-ўсходняя частка Харкаўскай вобласці, захад Луганскай і поўнач Данецкай)

У Міністэрстве абароны РФ заявілі пра адбіццё чатырох атак праціўніка ў ваколіцах сяла Сынькоўка ў Купянскім раёне Харкаўскай вобласці.

У сваю чаргу ў Генеральным штабе Збройных сілаў Украіны паведамілі пра адсутнасць наступальных дзеянняў расейцаў на купянскім кірунку, што ўскосна ўказвае на правядзенне імі ратацыі.

На суседнім ліманскім кірунку ініцыятыва застаецца за расейскімі вайскоўцамі, якія цягам апошніх содняў прынамсі восем разоў атакавалі каля сёлаў Церны, Ямпалаўка, Спірнае, Раздолаўка на поўначы Данецкай вобласці і ў ваколіцах Белагораўкі на Луганшчыне. Між тым зменаў лініі сутыкнення не фіксуецца.

Бахмуцкі кірунак (лінія фронту ў ваколіцах аднайменнага гораду ў Данецкай вобласці)

На бахмуцкім кірунку Узброеныя сілы РФ наступаюць з захаду і поўдня ад аднайменнага раённага цэнтру.

Украінскі Генштаб піша пра пяць няўдалых атак праціўніка каля населеных пунктаў Клішчыеўка, Андрэеўка і на ўсходзе ад Часавага Яру. Пры гэтым раней украінскае камандаванне не фіксавала баі каля самога Часавага Яру, што можна патлумачыць прасоўваннямі расейцаў на гэтым участку фронту.

Самыя вайскоўцы ЗСУ паведамляюць пра цяжкую сітуацыю ў сяле Іванаўскае, дзе яны кантралююць толькі заходнюю частку.

Прарасейскія крыніцы пішуць, што таксама УС РФ ціснуць у ваколіцах сяла Багданаўка, але там ЗСУ ўдаецца захоўваць лінію сутыкнення нязменнай.

Аўдзееўскі кірунак (на поўначы ад Данецку)

На захадзе ад Аўдзееўкі ідуць сустрэчныя баі ў ваколіцах населеных пунктаў Бэрдычы, Арлоўка, Танэнькае, Первамайскае і Невельскае: украінскі бок піша пра 17 няўдалых атак праціўніка, расейскі – пра 11.

Расейскі ваенкор Сямён Пегаў гаворыць, што ЗСУ намагаюцца перахапіць ініцыятыву на кірунку.

Прарасейскі тэлеграм-канал «Рыбарь» паведамляе, што сілы абароны Украіны адбілі частку пазіцыяў у сёлах Бэрдычы, Танэнькае і Арлоўка, але УС РФ усё яшчэ застаюцца ў вышэйзгаданых населеных пунктах.

Праўкраінскі «Говорять Снайпер» піша, што расейцы панеслі вялізныя страты ў выніку масіраваных пяхотных штурмаў, і цяпер вымушаныя падцягваць рэзервы ў тылавыя раёны, чым цяпер і карыстаюцца ЗСУ.

Навапаўлаўскі кірунак (ліні фронту на поўдні Данецкай вобласці)

На навапаўлаўскім кірунку дамінуюць расейскія вайскоўцы, якія цягам апошніх содняў не менш за 25 разоў атакавалі каля населеных пунктаў Краснагораўка, Георгіеўка, Новаміхайлаўка і Ураджайнае, але поспеху не дасягнулі.

Праўкраінскі тэлеграм-канал «Офіцер» піша, што на гэтых участках фронту расейцы актыўна выкарыстоўваць цяжкую тэхніку, сярод якой ёсць і самыя сучасныя адзінкі, але ЗСУ ўдала адбіваюцца, знішчаючы тэхніку з дапамогай ударных БпЛА.

Пры гэтым Збройныя сілы самыя контратакуюць у сяле Новаміхайлаўка, імкнучыся адкінуць праціўніка на ўсход.

Запарожскі і херсонскі кірункі (лінія фронту ў Запарожскай і Херсонскай вобласцях)

У Запарожскай вобласці, паводле ўкраінскага камандавання, войскі РФ тройчы атакавалі з поўдня ад Навадараўкі і на паўночным захадзе ад Вэрбовага, але поспеху не мелі.

«Рыбарь» піша, што УС РФ захоўваюць кантроль над цэнтральнай і ўсходняй часткамі сяла Работына.

Прарасейскі тэлеграм-канал «Два майора» сцвярджае, што войскі РФ занялі адзін з апорных пунктаў ЗСУ каля сяла Вэрбовае (на ўсходзе ад Работына). Але пры гэтым украінцы контратакуюць на ўсім участку фронту паміж сёламі Вэрбовае і Работына.

Сямён Пегаў таксама прызнае поспехі расейцаў на ўчастку паміж населенымі пунктамі.

Разам з тым «Офіцер» сцвярджае, што ЗСУ выбілі расейцаў з асобных пазіцыяў у Работыне, у тым ліку з будынку мясцовай школы, якая знаходзіцца ў цэнтральнай частцы сяла. Таксама ўдалося ўзяць у палон асобных вайскоўцаў РФ.

У Херсонскай вобласці працягваюцца баі на левым беразе Дняпра, дзе ЗСУ ўтрымліваюць некалькі невялікіх плацдармаў. Украінскі Генштаб піша пра чатыры безвыніковыя штурмы сваіх пазіцыяў з боку праціўніка.

Канал «Два майора» паведамляе пра баі за сяло Крынкі. Зменаў лініі сутыкнення не зафіксавана.

На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Наталля Кулыгіна belsat.eu 

 

Стужка навінаў