Ці рэальна пазбавіць агрэсара права вета ў Радзе бяспекі ААН, як прапануе Зяленскі?


Да ранейшых 10 пунктаў «формулы міру» прэзідэнта Украіны дадаўся новы аспект: 20 верасня на паседжанні Рады бяспекі Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў Уладзімір Зяленскі прапанаваў гэтай Радзе выключаць са свайго складу парушальнікаў Статуту ААН. «Белсат» паглядзеў, ці можна так.

Зяленскі выступае на паседжанні Рады бяспекі ААН
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі выступае на паседжанні Рады бяспекі ААН. Нью-Ёрк, ЗША. 20 верасня 2023 года.
Фота: President.gov.ua

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі амаль год таму сфармуляваў прапановы дзеля ўрэгулявання вайны ва Украіне ў 10 пунктах: не толькі захаванне тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны ў межах 1991 года і вывад з яе расейскіх войскаў, але таксама вяртанне палонных і дэпартаваных, дзейсныя гарантыі бяспекі, трыбунал над злачынцамі, фіксацыя заканчэння вайны з удзелам Турцыі і ААН.

У дзень, калі Зяленскі выступаў на паседжанні Рады бяспекі ААН, адзін са сталых чальцоў гэтай Рады ўжо 574 дні вёў поўнамаштабную вайну супраць Украіны. Рэзалюцыі Генеральнай асамблеі ААН, нагадаў ён, называюць Расею адзінаю прычынаю вайны ва Украіне.

Аналітыка
Момант ісціны ўсё бліжэйшы. Тлумачым, як цяпер развіваецца контрнаступ ЗСУ
2023.09.19 07:26

Паводле Зяленскага, Расея – «дзяржава-тэрарыст», якая хоча падарваць «усе дамбы міжнародных нормаў», у тым ліку Статуту ААН.

Той статут мае цэлы раздзел VII аб супрацьдзеянні пагрозе міру, парушэнню міру і актам агрэсіі. Гэты раздзел пачынаецца з таго, што самое існаванне пагрозы міру або факту агрэсіі вызначае Рада бяспекі ААН.

Рэформу Рады бяспекі ААН Зяленскі ўключае ў адзін з пунктаў «формулы міру», пра выкананне Статуту ААН і аднаўленне тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны.

Хто ў Радзе бяспекі ААН

Рада бяспекі ААН была ўтвораная разам з самой ААН пасля заканчэння Другой сусветнай вайны. Яна ўключае 5 сталых і 10 часовых чальцоў, запісаных у Статуце. Сталыя – Злучанае Каралеўства, Злучаныя Штаты, Кітай (цяпер камуністычны Кітай, а да 1971 года была Кітайская Рэспубліка – Тайвань), Расея (да 1991 года – СССР) і Францыя.

Гэтыя сталыя чальцы маюць права вета – нават калі астатнія 14 выступаюць «за», адзіны голас «супраць» ад сталага чальца блакуе пастанову.

Першае паседжанне Рады бяспекі ААН
Першае паседжанне Рады бяспекі ААН. Лондан, Злучанае Каралеўства. 17 студзеня 1946 года.
Фота: Marcel Bolomey / UN Photo / Flickr, CC BY-NC-ND 2.0

Яшчэ 10 чальцоў мяняюцца: Генеральная асамблея выбірае частку ў цотныя гады, частку ў няцотныя. У Раду бяспекі ў любы час уваходзяць тры чальцы ад Афрыкі, па два ад Азіі, Лацінскай Амерыкі і Карыбскага рэгіёну, Заходняй Еўропы (або іншых краінаў) і адзін ад Усходняй Еўропы (колішняга камуністычнага блоку).

Арабскія краіны трапляюць і ў афрыканскую, і ў азіяцкую групы, а замест адной з заходнееўрапейскіх краінаў у Раду бяспекі траплялі ў мінулым Канада, Аўстралія і Новая Зеландыя.

Нясталымі чальцамі ў розны час былі і Нямеччына, і Польшча, і Украіна, але незалежнай Беларусі сярод іх не было – толькі ў 1974–1975 гадах была БССР (асобна ад СССР, які быў сталым чальцом).

Што прапануе Зяленскі

Паводле Зяленскага, Расея заняла месца СССР у Радзе бяспекі ААН незаконна і «праз закулісныя махінацыі», а права вета ў руках агрэсара «загнала ААН у глухі кут», а самое права вета сталымі чальцамі Рады бяспекі – гэта няроўнасць, што робіць ААН недзеяздольнай.

«Мы бачым, што ў ААН расце падтрыманне ідэі, што ў выпадках масавых злачынстваў супраць людскога жыцця патрэбная добраахвотная адмова ад права вета, – казаў Зяленскі. – Але мы таксама бачым, што Расея з уласнае волі не аддасць некалі скрадзенага прывілею. І таму Генасамблеі ААН трэба даць рэальную магчымасць пераадолець вета».

Першая прапанова Зяленскага – каб вета сталага чальца магло быць пераадоленае дзвюма трацінамі галасоў, а таксама каб у сталых чальцах быў Афрыканскі Звяз, хтосьці з Азіі (Японія, Індыя або ісламскія краіны), хтосьці з Лацінскай Амерыкі, хтосьці з Ціхаакіянскага рэгіёну, а таксама Нямеччына, якая, паводле Зяленскага, «стала адным з ключавых сусветных гарантаў міру і бяспекі».

Другая прапанова – прыпыняць удзел у Радзе бяспекі ААН краіны, калі тая чыніць агрэсію ў парушэнне Статуту ААН, і пашырыць удзел у працы Рады бяспекі ўсіх чальцоў Генеральнай асамблеі ААН, калі яны не прызнаныя агрэсарамі.

Трэцяя прапанова – стварыць сістэму перадухілення агрэсіі, увядзення Радай бяспекі ААН санкцыяў супраць агрэсара яшчэ на этапе збору арміі ўварвання. Пытанне на разгляд Рады ён прапануе выносіць аўтаматычна, калі любы чалец Генеральнай асамблеі заяўляе пра пагрозу агрэсіі.

Гэта рэальна?

Статут ААН сапраўды можна мяняць – так рабілі ўжо некалькі разоў. Для ўнясення паправак патрэбнае іх ухваленне дзвюма трацінамі галасоў чальцоў Генасамблеі ААН і ратыфікацыя дзвюма трацінамі чальцоў ААН, у тым ліку ўсімі сталымі чальцамі Рады бяспекі ААН. І гэта прапісана ў артыкуле 108 Статуту ААН – выходзіць, што для змены гэтага артыкулу таксама дзейнічаюць тыя ж правілы.

Украіну ў Генеральнай асамблеі падтрымлівалі нават больш як дзве траціны чальцоў. Так, 2 сакавіка 2022 года рэзалюцыю ES-11/1 з асуджэннем расейскага ўварвання і патрабаваннем вывесці расейскія войскі з Украіны падтрымала 141 краіна – 73,1 % ад усіх. Супраць той рэзалюцыі галасавалі толькі Беларусь, Паўночная Карэя, Расея, Сірыя і Эрытрэя.

Пуцін выступае на Генеральнай асамблеі ААН
Уладзімір Пуцін выступае на Генеральнай асамблеі ААН. Нью-Ёрк, ЗША. 28 верасня 2015 года.
Фота: Kremlin.ru

Аднак у Статуце ААН не прапісана, як нават 99 % галасоў могуць пазбавіць сталага чальца Рады бяспекі ААН права вета, калі на пастанову аб пазбаўленні накладае вета гэты самы чалец. Уладзімір Пуцін наўрад ці захоча аддаваць права вета ў ААН.

Калі гэтыя правілы не падабаюцца, то з ААН, вядома, можна выйсці – Статут гэтага не забараняе. Але на практыцы ніводная дзяржава не выходзіла з ААН, калі не спыняла сваё існаванне. Хіба некаторыя выказвалі намеры так зрабіць, а інданезійскі дыктатар Сухарта нават прыпыняў на год удзел сваёй дзяржавы ў дзейнасці ААН – ды з арганізацыі не выходзіў.

Дзяржаву могуць таксама выключыць з ААН за парушэнне Статуту. Але для гэтага патрэбная рэкамендацыя Рады бяспекі ААН – а значыць, выключыць з ААН сталага чальца Рады бяспекі немагчыма без ягонай згоды.

Агляд
Як паміралі і дзе пахаваныя 20 вядомых дыктатараў ХХ стагоддзя
2023.05.20 09:00

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў